11 лістапада ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дыякан Андрэй Багдановіч атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Журналіст Catholic.by пагутарыў з новапрэзбітэрам пра яго ўспрыманне святарства і паклікання.
«Я памятаю таго юнака, які сем гадоў таму прыйшоў на першы курс семінарыі, — прызнаецца новапрэзбітэр. — З таго часу ува мне шмат чаго змянілася ва ўспрыманні. Я пачаў больш разумець. Удзячны Богу, што ён пакінуў ўсё той жа мой энтузіязм і агонь, жаданне служыць на Яго хвалу».
Паводле слоў кс. Андрэя, напярэдадні пасвячэння ён адчуваў хваляванне, але ніяк не страх.
«Я ведаю, чаго хачу і чаго хоча ад мяне Бог. Страху і няўпэўненасці няма, ёсць жаданне быць карысным у служэнні».
Новапрэзбітэр дадаў, што ў разважаннях пра святарства адной з карыснейшых кніг стала для яго кніга Яна Паўла ІІ «Дар і таямніца».
«Пакліканне — гэта дар ад Бога, які я і сам за канца не разумею. Святарства можа зрабіць мяне шчаслівым і прынесці карысць Касцёлу і тым, хто побач. Адкрываць для сябе таямніцу святарства можна ўсё жыццё. Для мяне гэта — крок у невядомасць, у якой ёсць Бог. Ведаючы гэта, ісці наперад нястрашна».
Андрэй Багдановіч нарадзіўся 4 лістапада 1993 г. у вёсцы Палонка (Баранавіцкі раён). У 2011 годзе паступіў у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. 22 кастрычніка 2016 года атрымаў дыяканскае пасвячэнне.