Пошук

11.11.2017 10:36   Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

10 гадоў таму адбылося кананічнае ўступленне ў пасаду (інгрэс) Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. З гэтай нагоды 10 лістапада ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі іерарх у суправаджэнні катэдральных канонікаў узначаліў урачыстую святую Імшу.

Арцыбіскуп узгадаў асобу святога Льва Вялікага, Папы і доктара Касцёла, які «праславіўся ахвярнай пастырскай дзейнасцю і абаронай еднасці Касцёла», а таксама паразважаў над тэмай матываў, якімі жыве сучасны чалавек, які часта ўзводзіць працу на п’едэстал, становячыся працаголікам і занядбоўваючы іншыя сферы жыцця.

«Мы ўсе спяшаемся і ніколі не паспяваем, ніколі не маем часу. Не дапамагаюць хуткія машыны, цягнікі, самалёты, інтэрнэт, мабільныя тэлефоны і г.д. З мэтай выправіць такое бяздумства неабходна ўслухацца ў словы святога апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў, у якіх ён выказвае спадзяванне, што яго слухачы напоўнены ведамі пра Хрыста і могуць настаўляць адзін аднаго», — заўважыў іерарх.

Арцыпастыр падкрэсліў, што святы апостал Павел «не кананізуе бяздзейнасці», а наадварот, падкрэслівае значэнне працы. «Аднак, паводле яго вучэння, па-за фізічнай актыўнасцю мы не можам не бачыць духоўнай, бо ўсе пакліканы да абвяшчэння Божага слова», — заўважыў арцыбіскуп.

Узгадваючы юбілей свайго інгрэсу, Мітрапаліт Кандрусевіч параўнаў пасаду біскупа з працай вадзіцеля аўтамабіля, «які павінен пастаянна глядзець наперад». Гэтаксама і біскуп павінен увесь час «шукаць напрамкаў пастырскай і адміністрацыйнай дзейнасці».

«Ён павінен гэта чыніць, выконваючы свае абавязкі настаўніка, распарадчыка сакрамэнтаў і адміністратара», — адзначыў арцыбіскуп.

«Дзякуючы за малітоўную і шматлікую іншую падтрымку і давяраючы сваё служэнне Марыі і св. Льву Вялікаму, прашу вас аб малітоўнай падтрымцы, каб заўсёды быў для вас біскупам, а разам з вамі — хрысціянінам, каб сучасны чалавек быў не толькі працаголікам, але і клапаціўся аб сваім духоўным жыцці, і каб мы ўсе разам будавалі Божае Валадарства на нашай зямлі на славу Бога і дзеля збаўлення людзей», — заключыў іерарх.

Абноўлена 08.01.2018 14:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.