Незвычайная малітоўная ініцыятыва трывае ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Кожную сераду тут моляцца Нешпарамі за памерлых.
З нядаўняга часу трансляваць набажэнства ў прамым эфіры будзе «Радыё Марыя» (пачатак у 18.40).
Асаблівасць малітвы ў тым, што кожны вернік можа даслаць у санктуарый СМС з імем (імёнамі) памерлых, якое (якія) кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай кс. Міхаіл Цвячкоўскі MIC будзе зачытваць падчас Нешпараў.
Нумар для СМС-паведамленняў: +375 29 853 34 45.
Малітва за памерлых належала да харызмы заснавальніка Кангрэгацыі айцоў марыянаў — святога Станіслава Папчынскага. Айцы марыяне прысвячаюць шмат увагі гэтаму аспекту.
Традыцыя маліцца Нешпарамі за памерлых, як адзначае radiomaria.by, з’явілася ў кляштарах ордэна бэнэдыктынаў у Францыі, калі манахі пад вечар 1 лістапада пасля ўрачыстых Нешпараў у гонар святых маліліся Нешпарамі за памерлых. Даданне гэтай малітвы да афіцыйнай Літургіі гадзінаў прыпісваецца Святому Айцу Інакенцію ІІІ на пачатку XIII стагоддзя. З таго часу гэтая малітва прысутнічае ва ўсім Рыма-Каталіцкім Касцёле.