Пошук

03.11.2017 14:03   Grodnensis.by

31 кастрычніка біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч выдаў дэкрэт аб скліканні І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, які распачынаецца 16 лістапада.

Тэкст звароту іерарха апублікаваны на grodnensis.by.

«У славу Бога, у Тройцы Адзінага, у клопаце пра духоўнае дабро вернікаў, кіруючыся наяўнымі патрэбамі дыяцэзіяльнага гродзенскага Касцёла, якія тычацца паглыблення веры і адказнасці народа Божага дыяцэзіі за Святы Касцёл, для акрэслення асноўнай душпастырскай дзейнасці ў парафіях і жыцця паводле Евангелля, таксама з мэтай уніфікацыі цэлебрацыі літургічных абрадаў і ўстанаўлення касцёльнага лакальнага права, з захаваннем нормаў Кодэкса Кананічнага Права і ўказанняў Святога Пасаду; гэтым дэкрэтам, пасля кансультацый са Святарскай радай (Кан. 461 § 1) склікаю І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі і прызначаю на яго ўрачыстае адкрыццё дзень 16 лістапада 2017 года — урачыстасць галоўнай Апякункі дыяцэзіі Маці Божай Міласэрнасці.

“Дыяцэзіяльны Сінод з’яўляецца сходам выбраных святароў і іншых вернікаў лакальнага Касцёла, якія для дабра ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці нясуць дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу” (Кан. 460 ККП).

Членамі Сінода ў адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса Кананічнага Права (Кан. 463) і Інструкцыі Кангрэгацыі па справах Біскупаў ад 19 сакавіка 1997 года Аб дыяцэзіяльных сінодах будуць прызначаны прадстаўнікі духавенства, асобы кансэкраванага жыцця і свецкія католікі-дыяцэзіяне.

Асобнымі дэкрэтамі прызначаю Галоўную камісію, сінадальныя камісіі і Сакратарыят Сінода, задачай якіх будзе распрацоўка праектаў, прызначаных для статута Сінода, і прадстаўленне іх на пленарных сесіях Сінода.

У сінадальнай пілігрымцы мы будзем кіравацца вучэннем ІІ Ватыканскага Сабору і сучасным навучаннем Рымскіх Папаў і Каталіцкага Касцёла.

Усіх дыяцэзіян прашу аддана маліцца да Святога Духа і аб Яго дарах для справы І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Я заклікаю ўсіх душпастыраў і вернікаў да актыўнага ўключэння ў працу гэтага Сінода праз удзел у дэканальных сінадальных групах.

Усіх арганізатараў, удзельнікаў Сінода і яго працу даручаю апецы Маці Божай Міласэрнасці і заступніцтву святых Казіміра і Максімільяна Марыі Кольбэ, заступнікаў дыяцэзіі».

Абноўлена 03.11.2017 14:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця