2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, католікі Мінска сабраліся на супольную малітву на каталіцкіх Кальварыйскіх могілках. Працэсію, а затым святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Вернікі разам з іерархам і пробашчам кальварыйскай парафіі кс. Андрэем Сіповічам прайшлі ў працэсіі паміж магіл, узгадваючы ў малітве памерлых святароў, бацькоў і продкаў, сваякоў і дабрадзеяў, ахвяр войнаў і загінулых у катастрофах, а таксама ўсіх памерлых і церпячых у чыстцы.
Біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў прысутных, каб кожны дзень у актаве малітвы за памерлых — з 1 па 8 лістапада — скарысталі з магчымасці атрымаць адпуст і ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. «Для нас гэта партабуе нязначных высілкаў, але кожны такі адпуст быццам вырывае адну душу з чыстца, выбаўляючы яе ад пакутаў», — падкрэсліў іерарх і нагадаў, што малітва за памерлых спрычыняецца і да нашай святасці.
Сыходзячы, вернікі пакінулі ля помнікаў свае запаленыя знічы — сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові.
Кальварыйскія могілкі — самыя старыя з захаваных у горадзе. Узніклі яны ў XVIII ст., і на сёння тут налічваецца больш за 30 тысяч пахаванняў. Могілкі знаходзяцца навокал каталіцкага касцёла Узвышэння Святога Крыжа — мінскай Кальварыі. Святыня была пабудавана ў 1839 годзе на месцы драўлянага касцёла, разабранага ў 1830 годзе.