
22 кастрычніка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне завяршылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, якая праходзіла з нагоды 100-гадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Гамілію іерарх распачаў з гісторыі аб’яўленняў Маці Божай у Партугаліі, нагадваючы пра тры прароцтвы, якія Марыя адкрыла свету. Тады Марыя заклікала свет да пакаяння і навяртання і да ружанцовай малітвы. Гэтае пасланне, як дадаў біскуп, актуальнае і сёння.
«Прымем святло, якое плыве з Партугаліі. Даручым сябе Марыі. Няхай Яе Беззаганнае Сэрца будзе нашым сховішчам і дарогай, якая вядзе да Хрыста», — заклікаў біскуп.

Напрыканцы літургіі супольнасць памалілася Ружанец. Падчас кожнага «Вітай, Марыя…» дзеці прыносілі да падножжа фігуры Фацімскай Панны белыя ружы. Такім чынам вернікі ахвяравалі Маці Божай вялікі букет, сплецены з кветак і малітвы.
З гэтага часу фацімская фігура будзе знаходзіцца ў гродзенскай катэдры.