Пошук

16.10.2017 17:16   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

14 кастрычніка ў мінскім ГЦ «Сталіца» прайшла асветніцкая пралайф акцыя пад кіраўніцтвам міжканфесійнага дабрачыннага аб’яднання «Ратаванне немаўлят».

Акцыі на Дзень маці валанцёры аб’яднання ладзяць не ўпершыню. На невялікай пралайф-зоне размяшчаецца стол з тэматычнымі флаерамі, буклетамі і іншымі інфармацыйнымі матэрыяламі. Валанцёры раздаюць людзям тэматычныя буклеты, распавядаюць дарослым і моладзі пра важнасць цнатлівасці, небяспеку абортаў, кантрацэпцыю і іншыя пытанні, звязаныя з захаваннем традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Падобная акцыя — адна з шэрагу, якія праводзіць «Ратаванне немаўлят», і праходзіць двойчы на год — у Дзень маці (14 кастрычніка) і ў Дзень абароны дзіцяці (1 чэрвеня). На адным з іх у парку Горкага выступаў нават каталіцкі гурт Laudans.

«Асноўны ўхіл у працы мы робім на лекцыі і працу з моладдзю. Таксама раскладваем буклеты ў паліклініках, размяшчаем стэнды і банеры на вуліцах і ў транспарце», — заўважае старшыня аб’яднання валанцёр Юлія Яраслаўцава.

Арганізацыя мае тэлефон даверу, на які любая цяжарная жанчына, якая думае пра аборт, можа патэлефанаваць і атрымаць кансультацыю або нават матэрыяльную дапамогу на гадаванне дзіця.

«У нас ёсць партнёр — сацыяльны цэнтр “Шчаслівы малыш”, дзе цяжарнай жанчыне могуць дапамагчы з усім неабходным: жыллём, юрыдычнай або псіхалагічнай дапамогай…» — распавядае Юлія.

Юлія валанцёрыць у вольны ад асноўнай працы час, нават у час водпуску. У асноўным займаецца лекцыямі ў розных навучальных установах, распавядае падлеткам пра цнатлівасць і наступствы абортаў. Таксама дзяўчына мае вопыт перадабортнага кансультавання.

У аб’яднанні «Ратаванне немаўлят» вельмі шырокія кантакты па ўсёй Беларусі. Валанцёры — звычайныя людзі самых розных узростаў і прафесій. У складзе кіраўніцтва аб’яднання — дактары медыцынскіх навук, а таксама гінеколаг.

«Калі нам тэлефануе жанчына і кажа: “хачу зрабіць аборт”, я яе накіроўваю да гэтага гінеколага, якая з ёй размаўляе, або да нашага псіхолага, якая працуе ў кабінеце “За жыццё”», — гаворыць Юлія.

Псіхолаг-кансультант Таццяна Фірысюк — таксама валанцёр аб’яднання. У пралайфе ўжо шмат гадоў. «Я сама вырасла ў шматдзетнай сям’і. І я разумею, што такое мець вялікую сям’ю. Мая асноўная задача як валанцёра —  асветніцкая праца з моладдзю. Няхай нават 20-30 чалавек вырашаць, што не будуць перарываць цяжарнасць, ужо слава Богу», — гаворыць Таццяна.

«Што тычыцца перадабортнага кансультавання, то даводзіцца складана. Як веруючы чалавек ты разумееш, што калі жанчына вырашае перарываць цяжарнасць, духоўны свет тут ужо не працуе», — разважае пралайфер.

У практыцы Таццяны з 14 выпадкаў кансультавання чатыры жанчыны вырашалі пакінуць дзіця. «Гэта мала, але я ўдзячная Богу, што яны ёсць. Аднак засмучае той факт, што вельмі шмат людзей прыходзіць і адносіцца да аборта, як да чагосьці звычайнага. Праблема ў тым, што яны не маюць духоўнай асновы», — гаворыць жанчына.

Што тычыцца вынікаў, то, як заўважылі валанцёры, яны ёсць. Юлія Яраслаўцава распавяла пра выпадак, калі адна жанчына праходзіла побач са стэндам, узяла ў валанцёраў буклет супраць абортаў, потым вярнулася і кажа: «Ведаеце, я хацела зрабіць аборт, але вы мяне адгаварылі ад гэтага. Дзякуй вялікі». Гэта адзін з самых радасных момантаў у практыцы валанцёраў аб’яднання.

На сёння арганізацыя шукае кемлівага, адукаванага і мужнага кіраўніка. І, як заўважыла Таццяна, вельмі добра, калі гэта будзе менавіта мужчына «ў тэме».
Акрамя таго, валанцёры заўважаюць, што аб’яднанню вельмі патрэбная дапамога — фінансавая, але найперш кадравая, таму запрашаюць далучацца да дзейнасці арганізацыі ўсіх неабыякавых.

Абноўлена 18.10.2017 15:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.