«Бог не пакідае нас адных і выслухоўвае нашы просьбы, калі гэта патрэбна для нашага збаўлення», - адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на святой Імшы 20 жніўня. У ХХ Звычайную нядзелю іерарх цэлебраваў Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Чытанне Евангелля на гэты дзень прадстаўляе дыялог паміж ханаанскай жанчынай і Езусам. Жанчына прыходзіць да Езуса са сваёй бядой, бо яе дачка была апантана злым духам. Езус як быццам не чуе яе просьбы і кажа, што нягожа забіраць хлеб у дзяцей і аддаваць шчанятам. Такім чынам Езус, як патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч, выпрабоўвае жанчыну, кажучы, што пасланы да авечак з Ізраіля, а ханаанцы не належалі да Выбранага народа. Аднак жанчына не здаецца і на гэты аргумент Езуса адказвае, што і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадара. «Прыемна ўражаны такім адказам, Езус хваліць яе за моцную веру. Нягледзячы на тое, што яна не належала да Выбранага народа, тым не менш яна верыла ў паўсюднасць місіі Езуса і Яго дапамогу патрабуючым», - дадаў Мітрапаліт. Езус чыніць цуд, і дачка жанчыны выздараўлівае.
Як адзначыў у гаміліі арцыпастыр, «словы, якімі Езус назваў ханаанскую жанчыну, абуджаюць нас з духоўнага сну і заклікаюць паглядзець на нашу веру: якая яна? Моцная і жывая ці, можа, вельмі слабая?»
Іерарх падкрэсліў, што «Святое Пісанне заклікаць пакладаць надзею не ў чалавеку, але ў Богу», а «для гэтага патрэбна моцная вера і трэба прасіць Бога, каб яе ўмацаваў».
Таксама Мітрапаліт прыгадаў гісторыю святога Аўгустына, аб навяртанні якога ўвесь час малілася яго маці святая Моніка. «Прыклад аздараўлення дачкі ханаанскай жанчыны і навяртання св. Аўгустына паказвае, што ў Бога ўсё магчыма. Неабходна толькі нястомна Яго аб гэтым прасіць», - дадаў іерарх.
«Можа, нам здаецца, што Бог ігнаруе нашы просьбы, як гэта было ў выпадку з ханаанскай жанчынай ці маці св. Аўгустына. Не. Бог не застаецца глухім на нашы просьбы, трэба толькі з верай прасіць Яго аб гэтым», - звярнуў увагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.