15 жніўня ў магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся парафіяльны фэст. Падчас святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, удзяліў сакрамэнт канфірмацыі сямі вернікам.
У гаміліі іерарх нагадаў, што, паводле навучання Касцёла, Найсвяцейшая Панна Марыя была ўзята на неба з целам і душой за яе вернасць і ўдзячнасць Богу.
Як адзначыў біскуп Аляксандр, гэтая ўрачыстасць пакідае кожнаму хрысціяніну заклік мужна і верна вызнаваць Хрыста: «Тое, што адразу пасля звеставання Марыя паспяшыла да Альжбеты, гаворыць аб тым, што Яна не хацела захаваць Хрыста толькі для сябе. Яна пабегла дзяліцца Ім з іншымі, несці Яго святло далей, — падкрэсліў іерарх. — А ці робім мы так? Ці нясём Хрыста свету, сваім знаёмым? Ці вызнаём сваю веру паўсюль без сумневаў?»
Біскуп таксама звярнуў увагу на тое, што кожны хрысціянін пакліканы дапамагаць Касцёлу як частка яго супольнасці, а прыкладам служэння з’яўляецца Марыя, якая ў благаслаўлёным стане пераадолела няблізкі шлях, каб дапамагчы сваёй сваячцы Альжбеце.
Словы настаўлення іерарх скіраваў і да кандыдатаў да канфірмацыі: «Гэта вялікі дар — у сталым узросце прыняць сакрамэнт канфірмацыі, дар умацавання Духам Святым, каб мужна вызнаваць Хрыста. Не саромейцеся! Ніколі не саромейцеся знаку крыжа, малітваў. Мужна і смела выракайцеся сатаны... Дзякуйце Богу!»
На заканчэнне Эўхарыстыі парафія развіталася са сваімі святарамі — кс. Вадзімам Сурвілам і кс. Дзянісам Бразінскім. Пасля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія вакол касцёла. Завяршылася свята канцэртам удзельнікаў супольнасці Ubi Caritas — Валерыяна і Вікторыі Янушкевічаў з Ракава.