13 жніўня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB склаў вечныя манаскія абяцанні ў салезіянскім таварыстве. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі іерарх нагадаў, што сапраўдная вера ў Хрыста — гэта не толькі тэарэтычнае прызнанне, што Ён — Сын Божы, а «прызнанне Яго права кіраваць нашым жыццём паводле сваёй волі».
Звяртаючыся да Артура Ляшнеўскага, біскуп Аляксандр, падкрэсліў: «Кансэкрацыя не будзе мець сэнсу, калі ты не пажадаеш і не зробіш мэтай свайго жыцця (...) адзінага і праўдзівага Бога і служэнне выключна Яму».
Пасля прачытання формулы вечнай манаскай прысягі Артур Ляшнеўскі атрымаў з рук інспектарыяльнага дэлегата салезіянаў у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB салезіянскі крыж — сімвал уваскрашэння і жыцця.
Падчас віншаванняў ксёндз-дэлегат заахвоціў Артура стаць «знакам Божай любові, які правакуе іншых людзей” ісці наперад і дзейнічаць, ісці і шукаць тых, хто патрабуе Божай любові.