9 ліпеня два браты з беларускай супольнасці меншых братоў капуцынаў, Ігар Колзун і Максім Варанюк, прынялі дыяканскія пасвячэнні ў Базыліцы Святой Фары ў Бары.
Святая Фара – гэта старажытная французская манахіня, настаяцельніца бэнэдэктынскага жаночага манастыра ў Фармуцье, недалёка ад Парыжа. Два яе браты таксама з’яўляюцца святымі. У гонар гэтай святой была названа базыліка, у якой адбылася ўрачыстая святая Імша з удзяленнем дыяканскіх пасвячэнняў.
Пасля духоўных рэкалекцый, якія падрыхтавалі братоў да прыняцця першай ступені сакрамэнту пасвячэнняў (дыяканату), 9 ліпеня ў базыліцы святой Фары ў Бары адбылася cвятая Імша, канцэлебраваная кусташам беларускай Кустодыі, братам Алегам Шэнда OFMCap. На пасвячэнне прыехалі шматлікія госці не толькі з Італіі, але таксама з Беларусі, Польшчы і Латвіі. Пасвячэнне ўдзяліў мансіньёр Мікеле Сэччыя, біскуп дыяцэзіі Тэрамо-Атры (Італія).
Падчас гаміліі Мансіньёр Мікеле звярнуў увагу на тое, што «абвяшчэнне Евангелля – гэта не толькі частка літургічнага абраду, але частка жыцця таго, хто яго абвяшчае». «Гэта дар, які найперш перамяняе таго, хто абвяшчае Добрую Навіну, а пазней і тых, хто яе слухае. Вельмі важным з’яўляецца правільная інтэрпрэтацыя Святога Пісання, якая павінна выплываць з уласнага пазнання Бога і сучаснай рэчаіснасці, ў якой мы жывем, і якая не з’яўляецца прымітыўнай маралізацыяй верных», – заўважыў іерарх.
Біскуп таксама падкрэсліваў, што трэба асцерагацца прызвычайвання да выканання паслуг, якое вядзе да манатоннасці, недахопу энтузіязму і веры ў тое, што мы робім.
«Дапамогай у змаганні з гэтымі цяжкасцямі павінна быць штодзённая малітва і заклік да Святога Духа кожны раз, калі дыякан выконвае сваю паслугу. Важным у гэтым з’яўляецца наследаванне Маці Божай, якая была найбольш уважлівым слухачом і найлепшым інтэрпрэтатарам слоў свайго Сына (Ян 2, 1-5)», – падкрэсліў мансіньёр Мікеле Сэччыя.
Варта звярнуць увагу, што колькасць братоў, якія разам з бр. Ігарам і бр. Максімам прынялі дыяканскія пасвячэнні, было сем асобаў. Гэта колькасць першых сямі дыяканаў у гісторыі Касцёла, выбраных хрысціянскай супольнасцю ў Ерузалеме і пасвечаных апосталамі (Дз. 6, 1-7).