28 чэрвеня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч разам з кс. Юрыем Санько і кс. Юрыем Быкавым наведалі дзіцячы аздараўленчы лагер «Купалінка» пад Радашковічамі.
У гэты дзень тут прайшлі спартыўныя гульні і мастацкая праграма для т.зв. «цяжкіх падлеткаў», якімі разам з дзяржаўнай уладай апякуецца дабрачынная Місія Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Чыстае сэрца». Сустрэча прайшла на тэму «Мы — сэрца Беларусі».
Каталіцкія святары правялі сустрэчу з моладдзю і кураўніцтвам лагера. У прывітальным слове Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў дабрачыннай місіі «Чыстае Сэрца» і мясцовай уладзе за клопат аб выхаванні моладзі, якая апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі.
«Кожны чалавек можа заблукаць, але гэта не азначае, што ён не можа вярнуцца да нармальнага жыцця», — адзначыў іерарх.
Паводле слоў арцыбіскупа, у гэтым дапамагае выхаванне. Асабліва распрацаваны і выпрабаваны ў Каталіцкім Касцёле — прэвентыўны спосаб выхавання св. Яна Боска.
Асобна Мітрапаліт звярнуў увагу на ролю спорту ў сучасным свеце.
«Дзякуючы заняткам спортам чалавек удасканальваецца не толькі фізічна, але і духоўна. Ён вучыцца салідарнасці і прабачэнню, калектыўнай адказнасці. Вучыцца ўспрымаць паражэнні і быць сумленным», — сказаў іерарх.
Іерарх пажадаў удзельнікам сустрэчы Божай ласкі на шляху да ўдасканальвання свайго жыцця згодна з законам любові да Бога і бліжняга, а таксама з прынцыпам: не рабіў іншаму таго, чаго не хочам, каб іншыя рабілі табе», — нагадаў Мітрапаліт.
На завяршэнне спаборніцтваў іерарх уручыў пераможцам узнагароды.