Нацыянальны санктуарый у Будславе 1 ліпеня наведаў пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, які прыняў удзел у цэнтральнай святой Імшы.
«Я вельмі рады, што магу быць тут у Будславе на штогадовай урачыстасці — найважнейшай для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, — адзначыў пасол. — Мне важна, што Польшча прысутная тут у маёй асобе. У Будслаў прыйшла вялікая колькасць пілігрымаў з усёй Беларусі! З боку пілігрымаў я бачу добры настрой, матывацыю і ахвоту да малітвы. Гэта вельмі ўзрушвае і надае сіл і аптымізму!»
Гаворачы пра 100-годдзе юбілейных урачыстасцей у Фаціме, Конрад Паўлік зазначыў, што гэта важная падзея не толькі для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, але таксама і ў Польшчы.
«Я рады, што маю магчымасць удзельнічаць ва ўрачыстасці разам з беларускімі католікамі», — дадаў ён.
Пасол таксама падкрэсліў, што на 2017 год прыпадае 25-я гадавіна незалежнасці Беларусі, а таксама 25-я гадавіна ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Польшчай.
«Гэтая падзея важная для абедзвюх краін і для мяне як пасла гэта адна з галоўных інтэнцый, з якой я прыбываю ў Будслаў, — каб адносіны паміж нашымі краінамі ў бліжэйшыя 25 гадоў развіваліся гэтак жа плённа, як і раней», — заўважыў Конрад Паўлік.
Як дадаў пасол, пакуль яму яшчэ не ўдалося паўдзельнічаць у пешай пілігрымцы, але ён спадзяецца на гэта.
«Некалькі разоў з асабістымі інтэнцыямі я наведваў санктуарый у Чэнстахове, але ў пешай пілігрымцы ісці яшчэ не давялося. Я, аднак, спадзяюся, што ў мяне яшчэ ўсё наперадзе. Я думаю, што кожны католік хоць раз у жыцці павінен прайсці ў пешай пілігрымцы ў свой нацыянальны санктуарый».