29 чэрвеня з Бягомля (Докшыцкі дэканат) вырушыць Першая пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі. Распачнецца яна святой Імшой у мясцовым касцёле ў 8.00.
Узначаліць пілігрымку а. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, душпастыр Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» у Бягомлі.
На сёння ў пешы шлях да Маці Божай Будслаўскай запісаліся дзесяць асобаў з алкагольнай залежнасцю. Усе яны веруючыя. Расклад дня пілігрыма будзе звычайны. Адзіным адрозненнем стануць адмысловыя канферэнцыі. Адзіную ноч у гэтай двухдзённай пілігрымцы група правядзе ў намётах.
Запіс у пілігрымку па тэлефоне:
+375 (29) 714-85-30 а. Тадэвуш
фБрацтва цвярозасці ў Бягомлі
Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» дзейнічае пры парафіі Цара Езуса Хрыста ў Бягомлі ўжо на працягу года. 8 ліпеня, з нагоды гадавіны працы цэнтра, у Бягомль прыбудзе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, каб сустрэцца і памаліцца з людзьмі, якія свядома ўзяліся за працу над сваімі залежнасцямі.
Брацтва цвярозасці заснавана па ініцыятыве айцоў Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, якія нясуць служэнне ў бягомльскай парафіі, і на базе вопыту айцоў капуцынаў з Ломжы (Польшча), дзе наладжана актыўная праца з залежнымі.
Працуюць у цэнтры спецыялісты асветніцкага грамадскага аб’яднання «Цвярозая сіла», кансультанты і псіхолагі, якія маюць асабісты вопыт аздараўлення.
Як паведаміў Catholic.by душпастыр асобаў з залежнасцямі а. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, у цэнтры дапамагаюць як залежным, так і сузалежным. Для залежных ёсць магчымасць рэабілітацыі на працягу аднаго-двух месяцаў. Адначасова цэнтр можа прыняць 10 чалавек. На сёння ў ім праходзяць рэабілітацыю тры асобы. Цэнтр у Бягомлі прымае на рэабілітацыю зацікаўленых з усёй Беларусі.
Для сузалежных штомесяц у выхадныя дні праводзяцца двухдзённыя сустрэчы, якія ўключаюць трэнінгі, сустрэчы са спецыялістамі, малітву.
Кантактная інфармацыя:
+375 (33) 345-52-78 (МТС)
+375 (29) 532-68-66 (МТС)
+375 (44) 734-64-09 (velcom)
8 (02157) 3-30-44
E-mail: svetotch@tut.by
Валянціна Грамыка