Увечары 14 ліпеня ў шпіталі ва Ужгарадзе (Украіна) на 67-м годзе жыцця адышоў да Пана біскуп Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіі Мілан (Шашык), верны прыяцель Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе Svjazep.org.
Іерарх шмат разоў наведваў Беларусь, удзяляў пасвячэнне беларускім прэзбітэрам і дыяканам, прымаў у Закарпацці нашых пілігрымаў.
Таксама ён удзельнічаў у пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) у Мінску.
11 ліпеня на завяршэнне грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк біскуп даслаў прывітанне ўдзельнікам, напісаўшы: «Усе мы пакліканы, каб сведчыць пра любоў Бога да чалавека».
Вечны супакой ягонай душы – Вечная памяць!