Пошук

14.04.2017 10:50  

«У Вялікі чацвер нашы сэрцы схіляюцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і сакрамэнтам cвятарства. Мы задумваемся над любоўю Хрыста да чалавека. Уяўляем сабе, як Езус з апосталамі пры стале знаходзіцца ў атмасферы задумы і засяроджанасці, — піша біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. — У гэты момант адбываецца першая кансэкрацыя, якую здзяйсняе сам Хрыстус».

Мука Пана і кроў з Цела — таямніца Вячэрніка

«На Яго словы хлеб становіцца Яго Целам, а віно — Яго Крывёю. Адбываецца першая святая Імша. Езус адкрывае тое, што адбудзецца праз момант: Яго Мука і Смерць. Тут пад постаццю хлеба і віна адбываецца першае праліццё Крыві, якая выліваецца з Цела. Ужо тут Ён ахвяруецца Айцу за нашы грахі. Вось яна — таямніца Вячэрніка».



«У гэты дзень мы разважаем над значэннем сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, — адзначае іерарх. — Можам задумацца над словамі маці св. Яна Боско. Гэтая простая сялянка сказала калісьці свайму сыну ў дзень яго першай св. Імшы: «Стаць святаром — гэта значыць пачаць пакутаваць». Наколькі глыбокая гэтая думка. Бо сапраўды святара чакае служэнне, прысвячэнне, вернасць Богу і Касцёлу».

Святы Пій Х казаў святарам прыгожыя словы: «Мы рэалізуем святарскае пакліканне не ад нашага імя, але ад імя Езуса Хрыста. (…) Па гэтай прычыне Езус запісаў нас у шэраг сяброў, а не слугаў: “Ужо не называю вас слугамі (…), але Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што пачуў Я ад Айца, адкрыў вам і ўстанавіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён».

Чытаць слова біскупа цалкам››

«Таму святар — для алтара, а алтар — для кансэкрацыі рэальна выражанай Ахвяры. Гэта важнейшае за працу з групамі, моладдзю або іншыя душпастырскія акцыі».

Святар — для здзяйснення Ахвяры. Калі б былі адкінуты словы кансэкрацыі, св. Імша перастала б быць бяскроўнай Ахвярай Крыжа і стала б звычайнай супольнай малітвай. Святарства тады страціла б сваю галоўную мэту.
Святы святар — гэта шматлікія збаўленыя душы

«Вялікі чацвер з’яўляецца добрай нагодай, каб мы, святары, перапрасілі за нашы чалавечыя слабасці. Можа, часам не хапае айцоўскага падыходу, можа, здараюцца грахі пыхі, занядбання ў кіраванні аўчарняй.
Сёння добры момант, каб прасіць аб нястомнай малітве. Бо святы святар — гэта шматлікія збаўленыя душы. Таму неабходна даручаць Богу ў малітве святароў сваёй парафіі, тых, якія служылі і служаць праз здзяйсненне сакрамэнтаў».

Акрамя ўстанаўлення Эўхарыстыі і святарства, Пан Езус зрабіў у часе Апошняй Вячэры вымоўны жэст абмывання ног апосталам. Сімвалічна ў гэту падзею ўпісваецца жэст Папы Францішка, які абмывае ногі вязням. Ён паказвае, што служэнне вернікам па сутнасці ўпісана ў структуру іерахічнага Касцёла: святары — для таго, каб служыць Касцёлу і вернікам.

«Будзем жа ўдзячнымі Богу за гэтыя два сакрамэнты — Эўхарыстыю і святарства, устаноўленыя ў Вячэрніку. Будзем удзячнымі за кожнае святарскае пакліканне, за кожную адпраўленую св. Імшу і прынятую св. Камунію».

(ND), (IL)

Абноўлена 31.10.2017 15:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа