13 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі, прыняў удзел у мерапрыемствах, звязаных з адкрыццём
выставы, прысвечанай памяці ахвяраў лагера смерці ў Трасцянцы.
Адкрыццю выставы папярэднічала малітва перад урнай з парэшткамі ахвяр Трасцянца ў крыпце праваслаўнай Усіхсвяцкай царквы, якая знаходзіцца на аднайменнай вуліцы ў Мінску. Апрача арцыбіскупа Тадэвуша, у малітве прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, пратаіерэй Фёдар Поўны, прафесар Манфрэд Цабел і галоўны рабін абшчыны прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч, а таксама запрошаныя госці.
У 18.00 у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося афіцыйнае адкрыццё выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць». З прывітальнымі словамі да прысутных, між іншым, звярнуліся Алег Краўчанка, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама Міхаэль Рот, дзяржаўны міністр па справах Еўропы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі. На мерапрыемстве прыстунічалі людзі, якія перажылі нацысцкія лагеры смерці.
Выстава будзе працаваць з 14 сакавіка па 16 красавіка ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У перыяд з 1942 па 1944 гг. у наваколлі вёскі Малы Трасцянец, уключанай сёння ў межы Мінска, знаходзіўся самы вялікі нацысцкі лагер смерці на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Колькасць яго ахвяр не меншая за 200 тысяч чалавек.
Кс. Кірыл Бардонаў
Фота аўтара