16 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вырушыла з мінскага архікатэдральнага касцёла ў перэгрынацыю па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а затым і іншых дыяцэзій. У архікатэдры фігура, якую Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў у Фаціме, знаходзілася з 13 кастрычніка.
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў у гаміліі на святой Імшы, што літургічныя чытанні гэтай нядзелі нагадваюць аб малітоўным чуванні.
«Таксама і Хрыстус заклікае нас быць пастаяннымі ў малітве, — заўважыў іерарх, каментуючы чытанне Евангелля. — Калі несправядлівы суддзя станоўча адказаў на просьбу ўдавы, то як жа ў значна большай меры Бог адкажа нам, калі будзем пастаянна маліцца».
Па словах арцыпастыра, у кожнай справе, «каб дасягнуць поспеху, патрэбна пастаянства ў працы»; «патрэбна таксама і супрацоўніцтва з Богам, найперш пастаянная малітва».
«Сёння, калі фігура Маці Божай Фацімскай адпраўляецца ў перэгрынацыю па нашых парафіях, мы павінны ўспомніць пра заклік Марыі ў далёкім 1917 г. да малітвы і навяртання. Людзі не паслухалі Яе, і сталася трагедыя – пераслед веры. Аднак падчас яго Марыя была з намі са сваім заклікам і дадзенай надзеяй, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і наша краіна навернецца.
Доўгія тры пакаленні нашы продкі і многія з нас жылі гэтым фацімскім пасланнем. Гэта быў час пастаяннай і трывалай малітвы з надзеяй, что станецца цуд і мы атрымаем свабоду веравызнання», — сказаў Мітрапаліт.
«Удзячныя Богу і Марыі, мы распачынаем вялікую перэгрынацыю фацімскай фігуры па нашых парафіях. Перэгрынацыя павінна стаць дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі і часам адраджэння і ўмацавання веры. Фігура была асвячана ў Фаціме ў Капліцы аб’яўленняў. Дзякуючы гэтаму мы маем цесную і непасрэдную лучнасць са святым месцам, адкуль Марыя дала нам надзею, якую мы павінны выкарыстаць», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«У добры шлях, Марыя! Ідзі да свайго люду, які на пастаяннай малітве мужна зносіў цяжкасці ганенняў і сёння змагаецца з выклікамі секулярнага часу. Ідзі і ўмацоўвай нашу веру. Ідзі і нясі нам новую надзею ў змроку яе занядбання. Ідзі і ўмацоўвай нашу любоў, бо толькі яна творчая.
А ты, верны Божы народ, сустракай Яе з малітвай і трывай на ёй. Прымай Марыю як сваю духоўную Маці, якая ў кожную хвіліну спяшаецца да цябе з дапамогай, бо Яна — найкарацейшы шлях да Езуса, адзінага Збаўцы свету, у якім наша надзея і перамога», — заключыў арцыпастыр.
На заканчэнне святой Імшы Мітрапаліт падзякаваў усім, хто дапамог у арганізацыі перэгрынацыі: ксяндзу Антонію Клімантовічу, які прывёз фігуру з Фацімы, кс. Яну Крэмісу за падрыхтаваныя матэрыялы перэгрынацыі і выдавецтву "Пра Хрыста", у асобе спадарыні Аліне Новікавай, за іх выданне. Пасля свайго падарожжа па Беларусі фігура Маці Божай Фацімскай 13 кастрычніка 2017 года вернецца ў мінскую архікатэдру і будзе змешчана ў бочным алтарым, які змайструюць да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.
Расклад перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі>>>
(AG)
Фота Аляксандры Шчыглінскай