Пошук

10.06.2016 10:58  

З 3 па 9 чэрвеня адбылася пілігрымка вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы па святынях Польшчы і Чэхіі. У складзе групы пілігрымаў было 52 чалавекі.

Пілігрымка распачалася святой Імшой ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, пасля чаго пілігрымы накіраваліся ў Вадавіцы, дзе наведалі месцы, звязаныя з жыццём св. Яна Паўла ІІ —  базыліку Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі і дом-музей святога Папы.

Наступным месцам стаў санктуарый Маці Божай у Кальварыі, у якім пілігрымы маліліся падчас святой Імшы за ўсю парафію, Бацькаўшчыну і ва ўласных інтэнцыях. Увечары падарожныя прайшлі сцежкамі Кальварыі, разважаючы пра Крыжовы шлях Збаўцы.

Кракаў-Лагеўнікі

Асабліва насычаным духоўнымі разважаннямі выдаўся другі дзень пілігрымкі, калі ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці, які цяпер перажывае Каталіцкі Касцёл, вернікі мелі магчымасць наведаць санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках і маліцца перад абразом, які быў напісаны са слоў святой Фаустыны.

Пасля наведвання Лагеўнікаў пілігрымы пазнаёміліся яшчэ з адным горадам, звязаным з жыццём св. Яна Паўла ІІ, — Кракавам. Удзельнікі пілігрымкі шпацыравалі вуліцамі старажытнага горада, наведалі замак Вавель і галоўную плошчу старажытнай польскай сталіцы.

Прага і ваколіцы

На наступны дзень удзельнікі пілігрымкі наведалі знакамітую сваёй архітэктурай і нязвыклай атмасферай горада Прагу. Тут вілейчане пазнаёміліся са святынямі, Градчанамі, Карлавым мастом, старым горадам і старамейскай ратушай з вядомым гадзіннікам.

Святая Імша адбылася ў касцёле Маці Божай Пераможнай, у якім знаходзіцца вядомая фігура Дзіцяткі Езуса.

Апошнім месцам і кульмінацыяй усёй пілігрымкі стала наведванне санктуарыя Маці Божай у Чэнстахове. У гэтым месцы, куды штодзённа прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў з усяго свету, вернікі вілейскай парафіі на працягу двух дзён маліліся праз заступніцтва Маці Божай Чэнстахоўскай і выпрошвалі ў Бога благаслаўленне і неабходныя ласкі для сябе, сваёй парафіі і ўсёй нашай краіны.

Асаблівым дарам і шчасцем для пілігрымаў стала святая Імша, якую цэлебраваў кіраўнік пілігрымкі і пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла каля цудатворнага абраза Божай Маці. Увечары ўдзельнікі вілейскай пілігрымкі далучыліся да ўсіх прыбылых пілігрымаў на Апэль Яснагурскі, падчас якога дзве «Вітай, Марыя» маліліся на беларускай мове.

9 чэрвеня, напоўненыя Божай ласкай і ўмацаваныя ў веры, пілігрымы вярнулі дадому.

Кацярына Дурко, фота Мікалая Аўсейчыка

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.