4 чэрвеня ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Фашчаўка Шклоўскага раёна адзначылі парафіяльнае свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, якое прыпадае на 31 мая. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на постаць Дзевы Марыі, якая, нягледзячы на тое, што сама была ў благаслаўлёным стане, ідзе да сваёй сваячкі Альжбеты, каб служыць і дапамагаць ёй.
На ўрачыстасць прыбылі таксама святары з суседніх парафій разам са сваімі парафіянамі. У свой час касцёл у Фашчаўцы і асаблівым чынам абраз Маці Божай быў вельмі шанаваны вернікамі Магілёўшчыны. Таму праз дзесяцігоддзі на фэст з ахвотай прыбываюць парафіяне з Магілёва, Горак, Касцюковіч і нават з парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску.
Кс. Аляксандр Шупенька