Пошук

05.06.2016 21:21  

Нядзеля 5 чэрвеня для парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе стала асаблівым днём, бо парафіяне і пробашч ксёндз Роберт Мацееўскі ўпершыню афіцыйна віталі з нагоды кананічнай візітацыі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупа вікарыя Магілёўскага рэгіёну Аляксандра Яшэўскага SDB.

Іерарх ужо неаднойчы быў у Мсціславе, вырашаючы бягучыя справы, аднак толькі сёння ён узначаліў у парафіі святую Імшу і прамовіў да вернікаў гамілію.

У прывітальным слове ксёндз Роберт Мацееўскі пажадаў біскупу неабходных дароў Духа Святога на гэтую сустрэчу і запэўніў у малітоўнай падтрымцы. Старшыня касцёльнага камітэту пажадала іерарху Божага благаслаўлення ў служэнні і выказала радасць з прысутнасці пастыра сярод свайго статку.

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзгадаў гісторыю касцёла ў Мсціславе і часы адраджэння. Асаблівую ўвагу іерарх прысвяціў руплівай дзейнасці тагачаснага пробашча ксяндза Караля Тамэцкага, які сваёй харызматычнай асобай і сапраўднай руплівасцю сабраў супольнасць у 200 чалавек. Біскуп узгадаў і манахінь з Кангрэгацыі школьных сясцёр Нотр-Дам і іх выдатнае служэнне, асабліва на карысць дзяцей і моладзі.



«Сёння складаю падзяку ўсім, хто адражаў касцёл і прыводзіў людзей да Бога, — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі, — а таксама малюся за сучасны стан парафіяльнай супольнасці і прашу Езуса Хрыста, Добрага Пастыра, спаслаць нам усім — мне як біскупу, ксяндзу пробашчу і вернікам — святло Духа Святога для руплівага і дзейснага служэння, а таксама распазнаць тыя крокі, якія неабходна зрабіць, каб Божае Валадарства ў сэрцах людзей адраджалася і пашыралася, а тыя, хто адышоў, каб вярнуліся да Бога».

Пасля святой Імшы адбылася сустрэча біскупа з пробашчам і вернікамі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой былі абмеркаваны некаторыя справы, звязаныя з мінулым, сучаснасцю і будучыняй парафіі ў Мсціславе. У сваіх выказваннях вернікі прадставілі іерарху свае радасць і боль і супольна шукалі добрага вырашэння складаных момантаў.

Напрыканцы візітацыі ў словах падзякі біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў, што пачутыя словы, прапановы і просьбы не будуць пакінуты, а стануць дапамогай у развіцці парафіі і шчыраму хрысціянскаму імкненню да ўдасканальвання ўсіх яе членаў. Іерарх падзякаваў душпастыру кс. Роберту і вернікам за дабразычлівасць і шчырасць, а таксама папрасіў аб дапамозе ў яго біскупскім служэнні не толькі малітвай, а і дзейсным сведчаннем на кожны дзень жыцця паводле Евангелля.

(AG)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.