Пошук

08.05.2017 08:28  

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія дыяцэзіяне!

У бягучым 2017 годзе Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае вялікі юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. У Партугаліі, у ваколіцах мястэчка Фаціма, у перыяд з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года Маці Божая аб’яўлялася штомесяц траім пастушкам: дзесяцігадовай Люцыі, дзевяцігадоваму Францішку і сямігадовай Жасінце. Праз размовы з дзецьмі, а таксама праз знакі і звышнатуральныя з’явы Марыя перадала ім пасланне, якое датычала лёсаў Касцёла, свету і ўсяго чалавецтва.

Да найважнейшага зместу фацімскіх аб’яўленняў трэба дадаць заклік чалавецтва да навяртання і пакаяння, просьбу аб штодзённай малітве Ружанца, аб заступніцкай малітве за грэшнікаў і аб спецыяльным набажэнстве да Беззаганнага Сэрца Панны Марыі — у пяць першых субот месяца прымаць святую Камунію за ўласныя грахі і грахі свету.

Маці Божая прадказала таксама хуткае заканчэнне Першай сусветнай вайны, выбух Другой сусветнай вайны і звязаныя з гэтым няшчасці, наступленне голаду на вялікіх абшарах свету, цярпенні многіх народаў, пашырэнне атэізму і памылковых вучэнняў у свеце, распачацце сур’ёзнага пераследу Касцёла і зневажанне асобы Папы. Акрамя таго Марыя прасіла ў Фаціме аб прысвячэнні Расіі свайму Беззаганнаму Сэрцу і прадказала, што, калі Папа здзейсніць гэты акт, Расія навернецца, а свет будзе цешыцца мірам.

Варта прыгадаць у гэтым месцы, што 8 снежня 1942 года, у 25-ю гадавіну фацімскіх аб’яўленняў, папа Пій ХІІ прысвяціў прыватным чынам увесь Паўсюдны Касцёл і ўвесь чалавечы род Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а таксама звярнуўся да мясцовых Касцёлаў ва ўсім свеце з просьбай аб здзяйсненні таго ж акту.

Распаўюджанню фацімскага паслання паспрыяў таксама Ян Павел ІІ, замах на якога адбыўся ў гадавіну фацімскіх аб’яўленняў — 13 мая 1981 года. Святы Айцец успрыняў сваё цудоўнае аздараўленне як пацвярджэнне сапраўднасці і актуальнасці фацімскага паслання, таму ў першую гадавіну замаху накіраваўся ў Фаціму, каб падзякаваць Марыі за ацаленне жыцця. Там, у Фаціме, Святы Айцец сказаў: «Гэтыя даты сустрэліся такім чынам, што я мусіў адчуць, якім цудоўным чынам сюды пакліканы. І вось сёння я прыбываю сюды. Прыбываю для таго, каб у гэтым месцы падзякаваць Божаму Провіду [...] Адна рука нацэльвала зброю, а другая змяніла кірунак кулі».

Ян Павел ІІ падкрэсліў тады таксама «евангельскі сэнс» фацімскага паслання: «Касцёл прыняў пасланне з Фацімы найперш таму, што гэтае пасланне ўтрымлівае праўду і заклік усяго Евангелля — “Кайцеся і верце ў Евангелле” (Mк 1, 15). Гэта першыя словы, якія Месія скіраваў да чалавецтва. Пасланне з Фацімы па сваёй сутнасці з’яўляецца заклікам да навяртання і пакаяння, як Евангелле. Гэты заклік прагучаў на пачатку ХХ стагоддзя і таму быў скіраваны асабліва да гэтага стагоддзя. [...] Заклік, які гучыць у пасланні Марыі з Фацімы, так глыбока ўкаранёны ў Евангеллі і ва ўсёй Традыцыі, што Касцёл адчувае: гэтае пасланне накладвае на яго абавязак — выслухаць яго».

Найважнейшай падзеяй сёлетніх святкаванняў юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў стане апостальская пілігрымка Святога Айца Францішка ў санктуарый у Фаціме 12 і 13 мая бягучага года. Таксама мясцовыя Касцёлы ва ўсім свеце будуць праводзіць розныя ініцыятывы, мэта якіх — нагадваць і паглыбляць знаёмства з фацімскім пасланнем.

У нашым Касцёле на Гродзеншчыне мы адзначым юбілей праз перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай. Перэгрынацыя пачалася 13 мая ў 12.00 урачыстай святой Імшой, якая адбылася ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне. Падчас Імшы была асвячана фігура Маці Божай Фацімскай, якая наведае кожную парафію нашай дыяцэзіі. Заканчэнне перэгрынацыі — 22 кастрычніка бягучага года, у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, у катэдральнай базыліцы ў Гродне.

Дарагія браты і сёстры!

Мэтай перэгрынацыі фігуры Маці Божай заключаецца ў набліжэнні ўсім нам зместу фацімскага паслання, абуджэнні ў нас духу пакаяння і навяртання, ажыўленні марыйнай пабожнасці і распаўсюджванні набажэнства да Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму прашу ўжо сёння кожнага з вас як мага лепш перажыць гэтую важную рэлігійную падзею ў нашым мясцовым Касцёле.

Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, да ўдзелу ў спецыяльнай духоўнай і малітоўнай падрыхтоўцы, якая будзе папярэджваць візіт фігуры Маці Божай Фацімскай у кожнай парафіі.

Прашу таксама, каб наведванне фігуры стала нагодай да гарачай малітвы асабістай і супольнай, прыступайце да сакрамэнту пакаяння і прымайце святую Камунію, бярыце ўдзел у арганізаваных набажэнствах і іншых формах марыйнага культу.

Было б добра, калі б перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай прынесла свой плён: каб як мага большая колькасць вернікаў нашай дыяцэзіі практыкавала штодзённую ружанцовую малітву, адзначала першыя суботы месяца, захоўвала пост і імкнулася да пакаяння, аб якіх Марыя так моцна прасіла сваіх шанавальнікаў.

Няхай перэгрынацыя і набажэнствы, звязаныя з ёю, будуць выразам нашай удзячнасці Божаму Провіду і Найсвяцейшай Маці за наш Касцёл на Гродзеншчыне, за дар адраджэння веры на нашых землях, за ўсялякія ласкі, якімі Добры Бог так шчодра кожнага з нас адорвае. Няхай яны будуць таксама перапрашэннем за тое, што нашыя сэрцы і сэрцы нашых бліжніх не заўсёды адкрытыя на збаўчае дзеянне Божай ласкі.

На багатае духоўнымі плёнамі перажыванне юбілейных святкаванняў і перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай усіх вас, дарагія дыяцэзіяне, ад сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Прашу шаноўных святароў, пробашчаў і адміністратараў прачытаць Пастырскае пасланне ў V Вялікодную нядзелю падчас св. Імшаў — 14 мая — ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі.

Абноўлена 21.08.2017 14:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа