Новыя святары Гродзенскай дыяцэзіі — кс. Анджэй Ганчар і кс. Андрэй Белаблоцкі — 30 красавіка цэлебравалі прыміцыйныя Імшы ў сваіх родных парафіях.
Новыя святары Гродзенскай дыяцэзіі — кс. Анджэй Ганчар і кс. Андрэй Белаблоцкі — 30 красавіка цэлебравалі прыміцыйныя Імшы ў сваіх родных парафіях.
Catholic.by распытаў новапрэзбітэраў пра іх адчуванні.
Ксёндз Андрэй Белаблоцкі паходзіць з катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У галоўнай святыні горада над Нёманам і прайшла прыміцыйная Імша маладога святара.
«Было хвалююча. Але ўсё перажыў з верай, як нас і вучылі ў семінарыі, — падзяліўся новапрэзбітэр. — Святарства, як адзначаў у свой час папа Ян Павел ІІ, гэта дар і таямніца. Магчыма, я не разгадаю яе да канца жыцця. Дарам святарства трэба даражыць, бо ён вельмі крохкі. Але я радуюся, што Бог даверыў мне гэту місію».
Прыміцыйная Імша кс. Анджэя Ганчара прайшла ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (фара).
«На святой Імшы я дзякаваў Пану Богу за давер, што магу трымаць Яго Цела ў сваіх руках, — адзначыў новапрэзбітэр. — Гэта была мая першая святая Імша і я разумеў усю адказнасць гэтай падзеі».
Святар прызнаўся, што вельмі ўдзячны ўсім парафіянам, святарам і гасцям, якія былі на Імшы, якая стала для яго прыміцыйнай.
«Тое адчуванне, калі разумееш, што з’яўляешся пасрэднікам паміж вернікамі і Панам Богам, цяжка апісаць, як і да канца зразумець. Я проста дзякаваў Богу за тое, што Ён даверыў мне гэту місію», — заключыў кс. Анджэй.
Пажадаем жа новапрэзбітэрам плёну ў іх служэнні і Божай апекі на шляху святарства.