
25 ліпеня адзначыў срэбраны юбілей святарства пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат) ксёндз Алег Жураўскі SDB.
На ўрачыстай святой Імшы сабраліся святары, а таксама госці з розных месцаў, дзе нёс сваё служэнне ксёндз Алег.
На пачатку Імшы юбіляр вярнуўся да прысутных са словамі ўдзячнасці за тое, што прыйшлі падзякаваць разам з ім Богу за час яго святарства.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі пастыр дыяцэзіі разважаў над паслугай святарства і важнасці нясці Божае слова людзям. Напрыканцы ён выказаў ксяндзу Алегу шмат добрых слоў і пажаданняў, а таксама дзякаваў за адданае служэнне Богу і людзям.
Парафіяне і госці таксама склалі свае віншаванні юбіляру — дзякавалі за адкрытае сэрца і мудрыя парады, за сакрамэнты і штодзённае служэнне.

























