
2 ліпеня на тэрыторыі касцёла cвятога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбылася ўрачыстая цырымонія прэзентацыі памятнай манеты, выпушчанай Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у гонар 400‑годдзя гэтай навагрудскай перліны сакральнай архітэктуры.
Падзея сабрала духавенства на чале з Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяцыё Чэффаліа, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, мастакоў і скульптараў, а таксама шматлікіх гасцей і вернікаў.
Урачыстасць распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй, біскуп Гродзенскі, а гамілію прамовіў нунцый.

Пасля святой Імшы ў адной з крыптаў касцёла адбылося ўрачыстае асвячэнне каменнага крыжа «Келіх Пана» аўтарства Аляксандра Сакалова. Пасля на прыкасцёльнай плошчы прайшла ўрачыстая прэзентацыя і адкрыццё памятнай манеты «Касцёл святога Міхала ў Навагрудку».

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа назваў выпуск манеты жэстам, які паважае не толькі гістарычны будынак, але і духоўную і культурную памяць усяго народа.
«Манета — гэта маленькі прадмет, але яна нясе ў сабе вялікі сэнс, таму што становіцца бачным знакам таго, што народ лічыць часткай уласнай спадчыны. Касцёл святога Арханёла Міхала — адзін з такіх сімвалаў. Ён суправаджаў жыццё горада ў розныя эпохі, захоўваў веру пакаленняў, падтрымліваў надзею ў найбольш цяжкія і змрочныя моманты. Яго маўклівая і верная прысутнасць стала неад'емнай часткай чалавечага і духоўнага пейзажу Навагрудка»,
— сказаў прадстаўнік Святога Айца.
Біскуп Уладзімір Гуляй у сваім слове выказаў удзячнасць Нацыянальнаму банку за захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.
«Гэтая памятная манета стане знакам яднання, памяці пра продкаў і натхненнем будаваць будучыню, абапіраючыся на веру, любоў да Айчыны і павагу да сваёй гісторыі»,
— падкрэсліў біскуп Гродзенскі.
Як адзначыла ў сваім выступленні старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Каролька, выпуск манеты — гэта знакавая падзея не толькі для Навагрудчыны, але і для ўсёй краіны.

«Навагрудчына — гэта ўнікальная зямля, дзе гісторыя цесна пераплятаецца з сучаснасцю, а памяць продкаў становіцца падмуркам для будучыні. Касцёл святога Міхала Арханёла для нас жывая сувязь часоў, сведчанне стойкасці веры і непарушнасці духу нашага народа.
Захоўваючы гэтую святыню, мы захоўваем гістарычную памяць, бо цвёрда ведаем: без мінулага няма сучаснага, а тым больш будучыні.
Сёння ў гэтых святых сценах, дзе ўжо чатыры стагоддзі гучаць малітвы, мы прэзентуем памятную манету. Упэўненая: кожны, хто будзе трымаць у руках гэты невялікі кавалак металу, усвядоміць, як цесна духоўнае пераплятаецца з зямным, як прыгажосць архітэктуры і глыбіня веры могуць быць увасобленыя ў вечным матэрыяле. Такое супрацоўніцтва дзяржавы, банкаўскай сістэмы і духавенства — яркі прыклад таго, як мы разам захоўваем і прымнажаем нашы культурныя і духоўныя каштоўнасці, ствараем на аснове любові да свайго краю і павагі да яго гісторыі», — сказала Святлана Мікалаеўна.
Намеснік кіраўніка ўпраўлення арганізацыі касавай работы Галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абароту Нацыянальнага банка Алег Філіпаў сказаў, што на працягу многіх гадоў Нацыянальны банк паслядоўна рэалізуе серыі памятных манет, якія адлюстроўваюць рэлігійную разнастайнасць і культурнае багацце Беларусі.
Мастачка Нацыянальнага банка Марыя Данько, якая распрацавала дызайн манеты, падзялілася творчай задумай.

«Гаворачы пра дызайн, мы не можам не ўзгадаць унікальны стыль самога касцёла, які і абумовіў характар манеты. Гэта яркі прыклад архітэктурнага дуалізму: строгі фасад у стылі позняга класіцызму і паветранае віленскае барока ўнутранага ўбрання. Гэты незвычайны кантраст мы паспрабавалі перадаць. Манета выкананая ў форме квадрата са скругленымі вугламі без канта, што сімвалізуе надзейнасць і трываласць падмурка, а таксама адсылае да старажытных ікон і алтарных заслонак. На аверсе адлюстраваны сам касцёл, апраўлены ўзорамі, натхнёнымі інтэр'ерам святыні, на рэверсе — вобраз Арханёла Міхала з Бэтлеемскай зоркай.
Асаблівасцю сярэбранай манеты наміналам 20 рублёў стала інкрустацыя фіянітам, які, улоўліваючы святло, прымушае манету ззяць, што сімвалізуе нятленнае святло веры»,
— расказала яна.
Пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксёндз доктар Юрый Жэгарын падзякаваў усім прысутным, адзначыўшы, што касцёл з'яўляецца дамінантай горада і месцам, звязаным з імёнамі выдатных людзей.

«Наш касцёл з'яўляецца не толькі архітэктурнай дамінантай горада, але і сэрцам духоўнага жыцця Навагрудка на працягу чатырох стагоддзяў. З гэтай святыняй звязаныя лёсы вялікіх людзей, імёны якіх назаўсёды ўпісаныя ў гісторыю Беларусі.
Сённяшняя прэзентацыя памятнай манеты — гэта пацвярджэнне таго, што гэта месца застаецца надзвычай важным не толькі для нашага горада, але і для ўсёй краіны. Як справядліва адзначыў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, як падкрэсліў біскуп Уладзімір, наша святыня працягвае быць жывым сэрцам хрысціянскай супольнасці, месцам сустрэчы чалавека з Богам»,
— падкрэсліў ксёндз Юрый.
Ксёндз Юрый таксама выказаў словы ўдзячнасці шматлікім гасцям, якія падзялілі радасць гэтай падзеі, а таксама ўсім, хто садзейнічаў рэалізацыі гэтай ініцыятывы.































