Пошук

18.04.2026 15:48   Catholic.by

Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня, калі ў Беларусі пачаў сваю дзейнасць рух «Маці ў малітве». З гэтай нагоды Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе яго ўдзельніцам словы віншавання.

«Жанчына, вось сын Твой» — «Вось Маці твая»
(пар. Ян 19, 26–27а).

Паважаныя ўдзельніцы руху «Маці ў малітве»!
Любыя ва Уваскрослым Хрысце матулі!

Яшчэ нядаўна, падчас Літургіі Мукі Пана ў Вялікую пятніцу, мы пачулі з вуснаў канаючага Хрыста напоўненыя цеплынёй і пяшчотай словы, якія церпячы Сын з крыжа скіраваў сваёй Маці: «Жанчына, вось сын Твой», і, нібы рэха, ускліканне Настаўніка да свайго ўлюбёнага вучня Яна: «Вось Маці твая». Гэтыя словы паходзілі з палаючага любоўю сэрца Сына, які кожнаму, хто верыць у Яго, даў Марыю як Маці.

Дарагія матулі. Ад смутку Вялікай пятніцы вы разам з усім Касцёлам перайшлі да радасці Уваскрасення Хрыста.

І хоць, падобна жанчынам з раніцы Змёртвыхпаўстання, вы сёння дзеліцеся з усімі велікоднай радасцю, вітаючыся словамі «Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!», ваша сэрца напоўнена хваляваннем за сённяшні і заўтрашні дзень вашых дзяцей. Мы раздзяляем з вамі гэтае вашае хваляванне, памятаючы пра вас у малітве перад абліччам нашай Нябеснай Матулі.

Сёння вы святкуеце юбілей 25-годдзя вашай прысутнасці і руплівай дзейнасці ў Касцёле на Беларусі. У радасныя і сумныя моманты вашага жыцця вы не перастаеце паўтараць словы вашага дэвізу: «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Вы дазваляеце кожнай маці, якая з вамі сустракаецца, усвядоміць яе мацярынскае пакліканне праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне. Удзячныя Творцу за дар паклікання да нараджэння і выхавання дзяцей, вы прымаеце радасць гэтага дару і дзеліцеся ёй з іншымі.

Вы, як ніхто іншы, умееце даверыць вашых дзяцей апецы Божага Провіду, усведамляючы, што тое, у чым вы не можаце ім дапамагчы, здзейсніць Бог. Таму, як добрыя і любячыя маці, вы прымаеце вашых дзяцей такімі, якія яны ёсць, хочучы, каб яны станавіліся яшчэ лепшымі.

Прыміце словы шчырых віншаванняў у дзень вашага юбілею. Жадаю, каб вашыя дзеці, жывучы паводле Божых запаведзяў, прыносілі вам радасць і супакой. Каб у вашых сэрцах заўсёды палымнела Божая любоў. Каб вы заўсёды адчувалі прысутнасць Бога ў жыцці вашым і вашых дзяцей. Хрыстус жыве і хоча, каб кожны жыў і быў шчаслівы. Няхай Ён, які памёр і ўваскрос дзеля нашага вечнага шчасця, заўсёды падтрымлівае вас, асабліва ў моманты выпрабаванняў, калі вы давяраеце Яму і прымаеце Яго волю. Будзьце заўсёды маладымі маладосцю Хрыста, які з'яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.

Асаблівыя словы падзякі кірую ў адрас Людмілы Барысаўны Губінай, каардынатара руху «Маці ў малітве» на Беларусі, за яе адвагу, якую яна праявіла, калі 25 гадоў таму згадзілася стаць на чале руху і яго развіваць.

Паважаная Людміла Барысаўна! Мы бачым плёны Вашых намаганняў, якія, памножаныя Божымі ласкамі і дарамі Духа Святога, становяцца ўсё большымі. У час, калі Бог выбраў і паклікаў Вас да такога асаблівага служэння, няхай Ён сам умацоўвае Вас для далейшай плённай дзейнасці.

На новы этап служэння дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла вас і вашыя сем'і шчырым сэрцам благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 18.04.2026 17:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа