Пошук

13.02.2026 17:05   Тэкст: sdb.by / Catholic.by

Салезіяне ў Будславе. Фота: sdb.by.

Салезіянская cям'я прадставіла свой новы відэадэвіз на 2026 год, а беларускія салезіянскія супольнасці пераклалі яго на родную мову. Сёлетнім дэвізам сталі словы «"Тое, што Ён скажа вам, зрабіце" (Ян 2,5). Веруючыя, свабодныя, каб служыць».

 

Штогод дэвіз прапануецца як магчымасць для ўсёй салезіянскай сям'і сабрацца разам вакол пэўнай тэмы, каб праз малітву і разважанне, слуханне і дзяленне кожная група змагла знайсці натхненне для свайго ўласнага духоўнага, харызматычнага і пастырскага шляху.

У святле юбілейнага досведу дэвіз-2025 «Замацаваныя ў надзеі, пілігрымы разам з моладдзю» даў салезіянскай сям'і магчымасць ісці разам з усім Касцёлам, каб сузіраць таямніцу Хрыста, крыніцу і апору надзеі.

Канцэнтруючыся на тэме надзеі, якая не расчароўвае, салезіяне сузіралі, як таямніца Бога-Творцы, які наведвае чалавека ў сваім Сыне, працягвае яго падтрымліваць і сёння праз моц Духа. Надзея дапамагла паслядоўнікам святога Яна Боско распазнаваць знакі Бога ў штодзённым жыцці — канкрэтнай рэчаіснасці, якая адлюстроўвае таямніцу Божай любові.

Надзея — гэта, паводле салезіянаў, сіла і пацвярджэнне «ўжо», якое мы перажываем і сузіраем. Яна таксама з'яўляецца крыніцай мужнасці і радасці для «яшчэ не».

У перыяд вялікіх пераменаў і выклікаў разам з беспрэцэдэнтнымі магчымасцямі дэвіз-2026 «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2,5) мае за мэту быць духоўным падарожжам, якое прапануе компас для асабістага росту ў веры і росту ў пастырскім досведзе на ўзроўні супольнасці.

Таму групы салезіянскай сям'і і мясцовыя супольнасці прымаюць гэты заклік да слухання рэчаіснасці, укаранёнага ў веры ў Хрыста, каб  жыць пакліканнем з сапраўднай свабодай.

Згодна з харызмай салезіянаў, гэта свабода, якая заклікае рабіць выбар на карысць маладых і ўсіх тых, хто пазбаўлены «віна» надзеі, і  вядзе да ўмацавання адданасці сталаму паўнавартаснаму развіццю чалавека.

Абноўлена 13.02.2026 23:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.