Глыбокапаважаны ксёндз Мікалай Гракаў!
Дазвольце ў сённяшні дзень звярнуцца да Вас словам «Юбіляр», бо сёння Вы дзякуеце Богу і бацькам за 50-годдзе дару жыцця.
З Божага Провіду і любові Вашых бацькоў Вы нарадзіліся 18 ліпеня 1975 года ў Мінску. Тут адбыліся самыя яскравыя моманты Вашага жыцця: дзіцячыя прыгоды, сталенне, вучоба ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
Вы, валодаючы некалькімі мовамі і грунтоўнаю базаю разнастайных ведаў, свае здольнасці ахвяравалі працы ў Мітрапалітальнай камісіі па тлумачэнні літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры, спрычыніліся да выдання Рымскага Імшала на беларускай мове, паэтычных перакладаў рэлігійных спеваў. Мы ўдзячныя таксама за Вашу паслугу як перакладчыка-сінхраніста на многіх рэлігійных мерапрыемствах.
Вашае сталенне як верніка адбывалася ў мінскай гістарычнай парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы. Менавіта тут Вы пачулі заклік Пана: «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Спачатку семінарыйнае фармаванне сэрца, затым душпастырскае служэнне і праца ў Апостальскай нунцыятуры. Вернікі Каталіцкага Касцёла ведаюць Вас як таго, хто праз доўгія гады абвяшчае Божае слова і «каталіцкую навіну» не толькі з амбоны касцёла, але і праз сродкі масавай камунікацыі, асабліва на партале catholic.by, дзе Вы з’яўляецеся рэдактарам і перакладчыкам, аўтарам многіх артыкулаў і аналітычных тэкстаў.
З гэтай нагоды хочацца прыгадаць словы, з якімі звярнуўся да ўдзельнікаў Юбілею камунікацыі Папа Францішак у студзені бягучага года, а менавіта: «У святле гэтага Юбілею я звяртаюся з яшчэ адным заклікам да вас, тут сабраных, і да тых, хто займаецца камунікацыяй па ўсім свеце: расказвайце таксама гісторыі надзеі, гісторыі, якія сілкуюць жыццё.
Няхай ваша гісторыя таксама будзе гісторыяй надзеі. Расказваць гісторыі надзеі азначае бачыць схаваныя фрагменты дабра, нават калі здаецца, што ўсё страчана; гэта азначае дазваляць спадзявацца нават супраць усялякай надзеі. Гэта азначае бачыць парасткі, якія прарастаюць, калі зямля яшчэ пакрыта попелам. Гаварыць пра надзею азначае позірк, які пераўтварае рэальнасць, робячы яе такой, якой яна магла б быць, такой, якой яна павінна быць...»
Шаноўны ксёндз Мікалай, віншуем Вас з 50-гадовым юбілеем. Жадаем Вам Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай Будслаўскай, заступніцтва святога Мікалая і святога Францішка Сальскага, заступнікаў Вашай прафесійнай штодзённасці.
«Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам» (пар. Ліч 6, 22–27), на многія і святыя гады. Plurimos annos!
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Далучаючыся да віншавання арцыпастыра, рэдакцыя партала catholic.by на чале з яе дырэктарам ксяндзом Паўлам Эйсмантам жадае Паважанаму Юбіляру неабходных Божых ласкаў, здароўя і духоўнай радасці, якую прыносіць святарскае і ахвярнае служэнне Касцёлу таксама і праз абвяшчэнне Добрай Навіны ў сродках масавай камунікацыі.







