Пошук

07.12.2024 11:36   Catholic.by
Фота: vk.com/irkcatholic

4 снежня споўнілася 25 гадоў біскупскага служэння ардынарыя Рымска-каталіцкай дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку біскупа Кірыла Клімовіча, які на працягу 13 гадоў нёс сваю святарскую паслугу на тэрыторыі Беларусі. З гэтай нагоды, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя ККББ кіруе віншаванні юбіляру.


Ваша Эксцэленцыя,
найдастойнешы біскуп Кірыл!

З нагоды 25-гадовага юбілею Вашага біскупскага служэння ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце самыя шчырыя словы віншаванняў і сардэчных пажаданняў.

Кожны юбілей – гэта добрая нагода, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця, за дар паклікання і служэння. Разам з Вамі, Эксцэленцыя, мы дзякуем Пану Богу за Вашых бацькоў, якія выхавалі Вас у веры, нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця ў Казахстане. Дзякуючы прынятым сакрамэнтам, Вы ўзрасталі ў Божай ласцы, развіваліся і сталелі духоўна. Спрыялі гэтаму духоўнаму сталенню Вашыя бацькі, якія былі прыкладам руплівасці і непахіснай веры таксама і ў Беларусі – іх радзіме, куды Ваша сям’я вярнулася з высылкі.

Сёння разам з Вамі мы дзякуем таксама за дар паклікання, за гады фармацыі ў семінарыйнай супольнасці «Hosianum» у г. Ольштын (Польшча), пасля заканчэння якой з рук Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа Вы атрымалі святарскае пасвячэнне. Дзякуем Пану Богу, што ў 1990 г. скіраваў Вас на служэнне ў Беларусь, недалёка ад Вашых родных мясцінаў, у парафію г. Глыбокае, тады яшчэ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

13 кастрычніка 1999 г., у дзень Маці Божай Фацімскай, Папа Ян Павел II прызначыў Вас дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і 4 снежня 1999 г. Вы атрымалі біскупскае пасвячэнне з рук Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. З 1999 па 2003 гг. Вы выконвалі біскупскае служэнне на пасадзе генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і апекаваліся мінскай архікатэдрай.

17 сакавіка 2003 г. Папа Ян Павел II прызначыў Вас ардынарыем Рыма-каталіцкай дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку – Божы Провід зноў вяртае Вас да мясцінаў, знаёмых з дзіцячых гадоў. Вы пакорна згадзіліся з рашэннем Папы Яна Паўла ІІ і прынялі пастырскую адказнасць за статак Касцёла на Ўсходзе – самай вялікай па тэрыторыі дыяцэзіі ў Каталіцкім Касцёле, служэнне ў якой Вы ажыццяўляеце ўжо на працягу 20-ці гадоў. Сімвалічна, што сёння Вы святкуеце свой срэбны юбілей з нашчадкамі тых людзей, якія з Вашымі бацькамі дзялілі кавалак жыццядайнага хлеба.

Дазвольце мне ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад свайго імя, ад усяго духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падзякаваць Вам за самаахвярнае служэнне ў Беларусі, за тое, што Вы, нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні, заўсёды імкнуліся быць верным вучнем Хрыста, каб адпавядаць дэвізу Вашага герба «Fortes in fide» – быць «моцным у веры».

Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы юбіляр!

Запэўніваем у нашай малітоўнай памяці, просячы Божага благаслаўлення на далейшыя гады Вашага біскупскага служэння. Дзякуючы за ахвярнае і плённае Вашае служэнне на працягу 25-ці гадоў, жадаем, каб Ваша Эксцэленцыя і надалей нястомна і цярпліва нёс Добрую Навіну іншым, быў сведкам жывой веры, дапамагаў братам і сёстрам даверанага Вам статку сустрэцца з «Богам, які ёсць Любоў», з радасцю служачы супольнасці Божага народа, які жыве на сібірскай зямлі.

Эксцэленцыя, хочацца Вам таксама параіць: каб выканаць свой біскупскі дэвіз – быць «моцным у веры» (усведамляем, што гэта нялёгка), на гэтым няпростым шляху Вашай біскупскай паслугі няспынна паўтарайце такія блізкія ўсім нам словы – «Езу, давяраю Табе». Няхай праз гэты глыбокі давер Езусу Дух Святы і надалей кожны дзень кіруе Вашым служэннем, а Маці Божая Будслаўская, Апякунка Беларусі, атуляе Вас сваёю магутнаю апекаю.

Няхай наступныя гады Вашай пастырскай паслугі будуць таксама пад чулай апекай святога Юзафа і святога Кірыла – апостала славян.

З дарам малітвы,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 09.12.2024 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця