Пошук

15.11.2024 12:57   Тэкст: с. Яна Аляксеева СSSH / Фота: с. Марыя Мінютка USJK / Catholic.by

14 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры пры Місіі Добрага Самараніна ў Мінску прайшоў дзень засяроджання для законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Каля 30-і сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў сустрэлася разам, каб праз разважанне над тэмай канферэнцыі, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыю ўзмацніцца на шляху паклікання.

Сустрэча распачалася з канферэнцыі, якую прамовіў айцец Павел Раманчук OFMConv, адказны за душпастырства законных сясцёр ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар заахвоціў сясцёр паразважаць над пытаннямі, чаму і якім чынам кансэкраванае жыццё з’яўляецца скарбам. «Самы вялікі скарб — гэта Езус Хрыстус, гэта Яго прысутнасць у Касцёле. Кансэкраванае жыццё падобнае да Эўхарыстычнага Хлеба, які кансэкруецца, або пасвячаецца падчас святой Імшы.

Кансэкраванае жыццё таксама з’яўляецца пасвячэннем, бо мы аддаем сябе Богу. Неабходна дазволіць, каб Бог нас кансэкраваў, гэта значыць дазволіць, каб Бог прабываў у нас, напаўняў нас сваёй прысутнасцю», — падкрэсліў айцец Павел.

Святар адзначыў, што скарбам Касцёла з’яўляецца той, хто носіць у сабе Бога. «Мы з’яўляемся скарбам Касцёла, калі нясем Бога дзецям, моладзі, дарослым.

Бог нас выбраў, каб мы адрозніваліся ад іншых людзей, каб мы паказвалі іншым дарогу да Неба. Калі мы не будзем экспертамі ў тым, як дайсці да Неба, то хто пакажа дзецям, моладзі і людзям, якіх мы сустракаем, Бога? Свет патрабуе сведкаў. Мы ўмеем Бога прасіць, умеем узносіць свой позірк да Неба, і гэтаму трэба вучыць іншых. Бог кансэкраваў нас, напоўніў сабой, і Бога трэба несці іншым», — заахвоціў сясцёр айцец Павел.

Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўдзельніцы рэкалекцый мелі магчымасць у цішыні паразважаць над пачутым у канферэнцыі і прыступіць да сакрамэнту паяднання ў святой споведзі.

Цэнтральным момантам дня засяроджання стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з іерархам святую Імшу канцэлебраваў айцец Павел Раманчук OFMConv. Напачатку арцыбіскуп Станеўскі шчыра прывітаў усіх сясцёр і пажадаў, каб падчас гэтага дня засяроджання Бог напоўніў іх сваёй прысутнасцю.

У прамоўленай гаміліі айцец Павел падкрэсліў, што Валадарства Божае ёсць унутры нас. «Яно ўнутры нас тады, калі здзяйсняецца кансэкрацыя. Кожны дзень павінна здзяйсняцца кансэкрацыя: калі мы аддаем сваё жыццё, сваё пакліканне Богу, каб Бог увайшоў у яго і пасяліўся між намі. У нашым жыцці кансэкрацыя — гэта той момант, калі мы кладзем сваё неідэальнае, часам хворае, напоўненае грахом і слабасцямі жыццё ў рукі Бога, каб Ён перамяніў, асвяціў і зрабіў яго святым, поўным ласкі. І гэта магчыма! Магчыма не дзякуючы нам, але толькі дзякуючы Богу, бо Ён гэта робіць. Нашае заданне — паслухаць Бога і аддаць Яму сваё жыццё, а рэштай Ён сам зоймецца», — сцвердзіў францішканін.

Напрыканцы Святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі пажадаў сёстрам, каб яны былі для іншых людзей натхненнем і неслі ў сучасны свет Бога.

«Няхай людзі бачаць у вас, у вашым жыцці і ў кожнай вашай паслузе самога Бога», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напоўненыя Божай прысутнасцю, узмоцненныя Божым Словам і супольнай малітвай, сёстры з удзячнасцю за дзень засяроджання, падобна апосталам, пайшлі далей у свет, каб несці кожнаму чалавеку Бога.

Абноўлена 15.11.2024 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця