На світанні 4 лістапада на 55-м годзе жыцця адышоў у вечнасць айцец Пётр Карнялюк OFMConv, настаяцель францішканскага кляштара ў Маскве (Расія), душпастыр беларусаў каталіцкага веравызнання Масквы і Маскоўскага рэгіёна.
Пётр Карнялюк нарадзіўся 4 лютага 1970 года ў вёсцы Старое Сяло на Брэстчыне (Пінская дыяцэзія) у каталіцкай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Мінскі ўніверсітэт культуры, які скончаў у 1994 годзе; пэўны час працаваў у камерным аркестры Брэсцкай філармоніі.
Напрыканцы 1990-х гадоў уступіў у Ордэн францішканаў, манаскую фармацыю праходзіў у Польшчы і Расіі, скончыў вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і 4 кастрычніка 2007 года, ва ўспамін святога Францішка Асізскага, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Нёс служэнне ў розных францішканскіх супольнасцях у Расійскай Федэрацыі: у Чарняхоўску (Калініградская вобласць), Астрахані, Калузе, Санкт-Пецярбургу.
У апошнія гады быў настаяцелем францішканскага кляштара святога Францішка Асізскаага ў Маскве, дзе вёў душпастырства беларусаў каталіцкага веравызнання Масквы і Маскоўскага рэгіёна, рэгулярна праводзіў для іх набажэнствы на беларускай мове.
1 лістапада айцец Пётр трапіў у шпіталь, і вернікі арганізавалі бесперапынную малітву за яго. Да малітвы за святара заклікаў таксама пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы.
Інфармацыя пра развітанне са спачылым айцом Пятром Карнелюком і пра пахаванне будзе пададзена пазней.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…