Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, заахвочвае духавенства і вернікаў Касцёла ў Беларусі да малітвы за сабраных на другую сесію XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая распачалася ў Ватыкане 2 кастрычніка і будзе праходзіць да 27 кастрычніка на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Учора ў Рыме распачалася праца другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў.
Сінод на тэму сінадальнасці распачаўся ў кастрычніку 2021 года і праходзіць на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія». Другая сесія XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая распачалася ўчора ў Рыме, працягнецца да 27 кастрычніка.
Браты і сёстры, Папа Францішак хоча, каб мы глядзелі на Касцёл больш сінадальна, гэта значыць разам. Каб мы маглі яшчэ больш навучыцца слухаць адно аднаго, дзяліцца сваім досведам веры і ўсім, што ляжыць глыбока ў нашых сэрцах.
Пантыфік падчас святой Імшы на распачацце заключнай сесіі Сіноду таксама папрасіў аб малітве за Сінод і аб духоўнай падтрымцы яго ўдзельнікаў словамі: «Я моцна заахвочваю ўсіх маліцца ў гэты час, каб Сінод прынёс як мага больш добрых плёнаў, адкрыў нас на ўзаемнае слуханне, на дзяленне нашай верай. Няхай гэта будзе час малітвы і духоўнай падтрымкі».
Мае дарагія, заахвочваю вас да малітвы за Сінод і ўдзельнікаў Сіноду. Касцёл у Беларусі на Сінодзе прадстаўляе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Заахвочваю, каб у малітве вернікаў на кожнай святой Імшы ў гэтыя дні быў заклік за Папу Францішка і ўдзельнікаў Сіноду, каб Сінод прынёс як мага больш добрых плёнаў, адкрыў нас да таго, каб слухаць адзін аднаго, дзяліцца верай адзін з адным.
З дарам малітвы,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі