Пошук

03.10.2024 09:46   Тэкст: Людміла Губіна, каардынатар руху «Маці ў малітве» ў Беларусі / Фота: Аліцыя Грыцук, удзельніца руху «Маці ў малітве» / Catholic.by

З 27 па 29 верасня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшоў з’езд удзельніц руху «Маці ў малітве», які быў спалучаны з духоўнымі практыкаваннямі.

У рэкалекцыйным доме пры касцёле святога арханёла Міхала, дзе ў гэтыя дні праходзіла святкаванне з нагоды 400-гадовага юбілею святыні, сабраліся каля 200 прадстаўніц руху з розных мясцін Беларусі на чале з духоўным кіраўніком айцом Юрыем Кулаем OCD. З яго дапамогай сабраныя на з’езд маці штодзённа разважалі над словам Божым, умацоўваючыся ў любові да Бога і да бліжняга.

Дзякуючы сястры Віргініі, мясцовай назарэтанцы, яны даведаліся гісторыю адзінаццаці сясцёр назарэтанак з Навагрудка, мучаніц Другой сусветнай вайны. Удзельніцы руху памаліліся ў фарным касцёле, дзе спачываюць іх рэліквіі, а таксама на месцы мучаніцкай смерці сясцёр.

У буклеце, па якім праводзяцца малітвы падчас сустрэч суполак руху «Маці ў малітве», няма асобных малітваў да Маці Божай. Але матулі кажуць, што Яна проста разам з імі моліцца да свайго Сына і дапамагае з кожным разам усё больш і больш давяраць Богу.

У памяць пра сваю прысутнасць на юбілеі 400-годдзя з часу пабудовы касцёла, прадстаўніцы руху вырашылі падараваць парафіі фігуру Маці Божай.

У суботу падчас урачыстай святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, іерарх благаславіў фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі і яна была ўрачыста змешчна на алтары.

Фота Марыны Валасар

Калі фігуру неслі да алтара, наперадзе ішлі дзве матулі з кветкамі, і Маці Божая як быццам «ішла» за імі. Гэта сімвалічна азначала тое, што Марыя заўсёды ідзе за намі, суправаджае, ахоўваючы ад усялякага зла і праяўляючы сваю матчыну любоў. У гэты момант парафіяльны хор спяваў песню да Маці Божай.

«Маці ў малітве» дзякуюць свайму духоўнаму кіраўніку айцу Юрыю Кулаю OCD, ксяндзу Пятру Бялевічу ОМІ, які дапамог набыць фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама выказваюць вялікую ўдзячнасць за гэтыя тры дні ў Навагрудку пробашчу навагрудскай парафіі святога арханёла Міхала ксяндзу Юрыю Жэгарыну, сястры Віргініі, удзельніцам руху з Навагрудка, паварам, якія гатавалі смачную ежу, і ўсім, хто прычыніўся да правядзення гэтых цудоўных дзён, якія назўсёды застануцца ў іхніх сэрцах.

Абноўлена 03.10.2024 09:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.