Пошук

01.10.2024 17:04   Тэкст: Дамінік Запаснік / Фота: Марына Валасар / Карына Вальшонак / Catholic.by

28 і 29 верасня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці з нагоды святкавання 400-годдзя касцёла святога арханёла Міхала.

На працягу гэтых двух дзён, якія сталі кульмінацыяй святкавання юбілею святыні, у горадзе Міцкевіча адбываліся разнастайныя духоўныя, адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы.

Урачыстасць распачалася ў суботу з гістарычных чытанняў, прысвечаных гісторыі касцёла Арханёла Міхала ў Навагрудку і дзейнасці айцоў дамініканаў.

Свае даклады ўвазе сабраных прадставілі навуковы супрацоўнік музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба і кандыдат гістарычных навук, выкладчык катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах Раіса Зянюк. Адукацыйнае мерапрыемства сабрала вялікую колькасць зацікаўленых гісторыяй слухачоў.

Пасля гістарычных чытанняў адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Уладзімір Гуляй, новапрызначаны пастыр Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на арханёле Міхале і неабходнасці пастаяннай духоўнай барацьбы з кожным грахом і злом.

Падчас святой Імшы адбылося благаслаўленне фігуры Маці Божай, якую ў дар прынеслі ўдзельніцы малітоўнага руху «Маці ў малітве».

У гэтыя святочныя дні жанчыны з гэтага руху з усёй Беларусі праводзілі ў Навагрудку свой з’езд і перажывалі рэкалекцыі.

Увечары першага дня святкавання адбылося ўзнагароджанне пераможцаў гістарычнай анлайн-віктарыны і конкурсу малюнка, у якіх узялі ўдзел каля 70-і дзяцей і падлеткаў з Навагрудка і Навагрудскага раёна. Пераможцам, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, былі ўручаныя адмысловыя падарункі, а ўсе астатнія ўдзельнікам атрымалі памятныя сувеніры.

На заканчэнне дня адбылося выступленне дзіцячага хору, а таксама некалькіх інструментальных калектываў з Навагрудскай раённай школы мастацтваў.

29 верасня, у патранальную ўрачыстасць святога арханёла Міхала, паўсотні вернікаў з розных мясцін Беларусі на ранішняй святой Імшы ўрачыста прынялі шкаплер святога арханёла Міхала — знак асаблівага заступніцтва Князя нябесных войскаў.

Сваім спевам літургію ўпрыгожылі ўдзельнікі праекту «Рыбы».

Апоўдні адбылася ўрачыстая цэлебрацыя Эўхарыстыі, якую ўзначаліў брат Юрый Кулай OCD, духоўны айцец руху «Маці ў малітве», а гамілію прамовіў брат Анатоль Ярошка OFMCap, дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У святой Імшы ўзяла ўдзел вялікая колькасць гасцей з усёй краіны, а сваім спевам цэлебрацыю ўпрыгожыў хор Verum Cantus з Мінска, які адзначае сёлета круглую дату: 20-годдзе творчай дзейнасці.

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія і цырымонія ўзнагароджвання памятнымі знакамі і сувенірамі сяброў парафіі і вернікаў, якія прымаюць актыўны ўдзел ў жыцці супольнасці.

Апошні святочны дзень завяршыўся пазнавальнай экскурсіяй са знаёмствам з экспазіцыяй па арганабудаванні, а таксама вечарынай араганнай музыкі ў касцёле-юбіляры.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею 400-годдзя касцёла святога арханёла Міхала ў Навагрудку, будуць праходзіць да канца 2024 года.

 

Абноўлена 01.10.2024 21:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа