Пошук

25.06.2016 09:04  

24 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў у адпустовую ўрачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля парафію ў Мсцібаве.

Гэтая парафіяльная супольнасць абрала святога Яна Хрысціцеля сваім апекуном на пачатку свайго ўтварэння, у яго гонар таксама асвечаны парафіяльны касцёл.

Падчас адпустовай урачыстасці адбылося асвячэнне алтара і аргана. У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на вялікае значэнне і ролю алтара і арганаў у касцёле.



«Алтар уяўляе сабой асяродак ахвярнага культу і цэнтр супольнасці вернікаў, гэта знак прысутнасці Бога, сімвал Хрыста, месца, на якім здзяйсняецца збаўчая таямніца і “ажыццяўляецца з’яднанне вернікаў з Богам”», — адзначыў іерарх.

Кажучы пра арганы, біскуп нагадаў, што менавіта з гэтага інструмента паходзяць узрушаючыя мелодыі і гармонія і што гэта «сімвал упарадкаванага духоўнага жыцця чалавека, якое знаходзіцца ў гармоніі з патрабаваннямі Евангелля».

Гродзенскі ардынарый адзначыў, што навука, якую абвяшчаў святы Ян Хрысціцель, апякун гэтага дня, сёння застаецца вельмі актуальнай. «Сёння людзі хацелі б заняць месца Хрыста і самі кіраваць светам. Хацелі б змяніць Божыя запаведзі, а на іх месцы паставіць прынцыпы агульнай свабоды і рабіць тое, што кожнаму заўгодна», — дадаў біскуп.

Таксама іерарх заклікаў парафіяльную супольнасць да шанавання нядзелі — дня Пана, да падтрымкі малітоўных практык і да трывання з Хрыстом.

Біскуп падзякаваў пробашчу кс. Юрыю Канапельку за яго прыгожае і адданае служэнне ў парафіі і вялікі клопат аб святыні.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.