Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі, Старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў, скіраваў біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу ліст падзякі ўсім тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі ў Браславе.
Моладзь — радасць і надзея Касцёла ў Беларусі
Яго Эксцэленцыі
найдастойнейшаму біскупу Алегу Буткевічу,
пастыру Віцебскай дыяцэзіі
Ваша Эксцэленцыя,
дазвольце яшчэ раз выказаць Вам падзяку ад імя ўдзельнікаў Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі, што сёлета праходзілі з 19 да 21 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, і былі прымеркаваныя да 25-гадовага юбілею з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі, пастырам якой Вы з’яўляецеся. У гэтыя дні Браслаў стаў «беларускай Канай» для нашай любай моладзі — месцам сустрэчы з Езусам праз Марыю, сустрэчы сяброў, бо, як нястомна нагадвае нам Папа Францішак, усе мы — браты і сёстры, і гэта на працягу сустрэчы добра адчувалася.
Разам са словамі ўдзячнасці за ўдзел скіроўваю словы віншавання Апостальскаму адміністратару для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку, які адным з першых прыбыў на форум, каб святкаваць з моладдзю 50-годдзе з часу святарскага пасвячэння, што прыпадае ў гэтыя дні.
Дзякую каад’ютару Гродзенскай дыяцэзіі біскупу Уладзіміру Гуляю за цэлебрацыю святой Імшы і скіраванае да моладзі пастырскае слова. Дзякую біскупу намінату Андрэю Зноску, які ў дзень абвяшчэння аб прызначэнні яго дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі падзяліў гэтую радасць з моладдзю, і такім чынам правёў «акцыю паклікання» да святарства і паступлення ў семінарыю.
Словы падзякі скіроўваю пробашчу парафіі ў Браславе ксяндзу Станіславу Мжыглуду SDS і ксяндзу вікарыю Уладзіміру Шыдлоўскаму SDS, спадарыні Іне Сапун, адказнай за размяшчэнне ўдзельнікаў, а таксама ўсім парафіянам, асабліва тым, хто гасцінна прымаў у сваіх дамах юнакоў і дзяўчат падчас Дзён моладзі. Дзякуй за смачныя пасілкі камандзе павароў, якія за гэтыя дні прыгатавалі каля 2700 порцый розных страваў.
Шчыра дзякую арганізатару мерапрыемства — адказнаму за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксяндзу Алегу Хмылко і яго камандзе аніматараў; святарам якія прамовілі тэматычныя канферэнцыі, і тым, якія прыбылі са сваімі выхаванцамі; сёстрам законным, асабліва з кангрэгацыі Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, якія нясуць служэнне ў Браславе; семінарыстам, міністрантам, валанцёрам. Падзяка за прыгожы спеў моладзевым музычным гуртам з Віцебска, Полацка і Браслава.
Кірую падзяку супрацоўнікам СМІ, а асабліва парталу Catholic.by і віцебскаму парталу Catholicnews.by за асвятленне Дзён моладзі.
Дзякую кожнаму, хто прычыніўся да таго, каб Чацвёртыя Агульнабеларускія дні моладзі ў Браславе адбыліся ў спакойнай, духоўнай і ўзнёслай атмасферы. Любая моладзь Беларусі, вы з’яўляецеся радасцю і надзеяй Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне. Дзякуй вам за вашу веру, адвагу і актыўны ўдзел у вашым свяце.
Ад шчырага сэрца кожнага з вас благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі
Старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 22 ліпеня 2024 г., у свята святой Марыі Магдалены