Пошук

23.07.2024 13:00   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Фота: Таццяна Дуенкава / Catholic.by

У нядзелю 21 ліпеня ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве, у якой нясуць служэнне айцы дамінікане, адбылася ўрачыстасць у гонар адной з яе апекуноў — святой каралевы Ядзвігі.

Дамінікане пашыраюць культ святой Ядзвігі і папулярызуюць яе асобу ў Беларусі, каб у будучыні — калі на гэта будзе Божая воля — тут з’явіўся санктуарый святой, якая мае асаблівую сувязь з Магілёвам. Рэч у тым, што яна атрымала горад і наваколле ў якасці шлюбнага падарунка ад свайго мужа, караля Уладзіслава Ягайлы.

Каб лепш пазнаёміцца з асобай святой апякункі і разам з тым даверыцца яе заступніцтву, у парафіі на працягу года было праведзена дзевяць начэй чування, а непасрэдна перад святам у ліпені — дзевяцідзённая навэнна разам з малым трыдуумам у межах духоўнай падрыхтоўкі да ўрачыстасці.

Вельмі дапамог у гэтай падрыхтоўцы выдадзены мінскім выдавецтвам «Pro Christo» адмысловы малітоўнік, у якім можна знайсці навэнну, ружанцовыя разважанні і Крыжовы шлях, звязаныя са святой Ядзвігай, а таксама літанію да яе. Малітоўнік можна набыць у дамініканаў у Магілёве.

Святая Імша ў дзень урачыстасці сабрала шматлікіх вернікаў, у тым ліку гасцей з суседніх парафій. У гаміліі, прамоўленай пробашчам парафіі айцом Раманам Шульцам ОР, удзельнікі ўрачыстасці пачулі пра два аспекты жыцця святой каралевы, актуальныя і ў наш час. Пра іх у 1974 годзе пісаў святы Папа Павел VI тагачаснаму кракаўскаму кардыналу Каралю Вайтылу, свайму будучаму наступніку, у лісце з нагоды 600-годдзя з дня нараджэння каралевы Ядзвігі.

У ім Пантыфік сцвярджаў, што святая Ядзвіга з’яўляецца ўзорам свецкага евангелізатара і ў той жа час прыкладам міласэрнасці.

Пасля Эўхарыстыі прысутныя паслухалі творы класічнай музыкі, якія выконваліся на фартэпіяна і фагоце, а таксама сольныя спевы пад гітару. Адбылася таксама віктарына пра дзевяць цнотаў у жыцці святой Ядзвігі, падрыхтаваная доктарам біблійнай тэалогіі Уладзіславам Валаховічам, які на працягу дзевяці чуванняў прадставіў удзельнікам дзевяць цнотаў святой Ядзвігі на падставе Святога Пісання.

Парафіяне спяклі ўжо традыцыйныя «каралеўскія» торты з ініцыяламі ММ — Марта і Марыя з Евангелля, — што сімвалізуе спалучэнне ў жыцці святой Ядзвігі малітоўнага сузірання, якое ўвасабляе Марыя, і актыўнай дзейнасці, якую ўвасабляе Марта. Быў таксама час на сумесныя спевы рэлігійных песень і на сведчанні аб плёнах заступніцтва святой Ядзвігі ў жыцці вернікаў.

Дадатковымі цікавосткамі на парафіяльным фэсце сталі прысутнасць рамеснікаў, сярэднявечныя гульні, а таксама смачны пачастунак.

У магілёўскай парафіі ёсць магчымасць ушанаваць рэліквіі святой Ядзвігі першага класа, гэта значыць, часцінку яе парэшткаў.

Пробашч парафіі айцец Раман Шульц OP запрашае ўсіх ахвотных вернікаў наведаць парафію, узяўшы ўдзел у адным з дзён засяроджання, якія тут праводзяць дамінікане, або здзейсніўшы пілігрымку для ўдзелу ў святой Імшы, адарацыі, Крыжовым шляху і Ружанцы са святой Ядзвігай. Падчас наведвання можна будзе паслухаць даклад пра святую Ядзвігу, набыць кнігі з Ружанцовага кангрэсу, які штогод адбываецца ў Магілёве, і бясплатна выпіць кавы. Падчас пілігрымкі ў Магілёў можна таксама наведаць магілёўскую катэдру, ксяндзоў клярэтынаў, якія моляцца з вернікамі ў новым касцёле, і Бялынічы — месца, дзе на працягу стагоддзяў знаходзіўся славуты ласкамі цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця