Пошук

21.07.2024 18:48   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

21 ліпеня, пасля нядзельнай святой Імшы, цэлебрацыю якой у санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, узначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, некалькі ўдзельнікаў Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі падзяліліся сваімі сведчаннямі.

Першым прамовіў Віталій з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашове (Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат). Малады чалавек, які ўжо мае сям’ю і дваіх дзетак, падзяліўся тым, як зразумеў, што грошы — далёка не самае важнае ў жыцці. Усвядоміўшы гэта, ён выдакаваў сродкі з сямейнага бюджэту, сабраныя на добраўпарадкаванне тэрыторыі каля дома, на тое, каб для сваіх братоў і сясцёр арганізаваць прастору сустрэчы з Богам.

Віталій прызнаўся, што самае вялікае задавальненне яму даюць не матэрыяльныя даброты, а ўдзел у Эўхарыстыі і малітва Ружанца, а таксама адчуванне зробленай добрай справы.

Ігар з парафіі Унебаўшэсця Пана з Дзеркаўшчыны (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) падзяліўся тым, як перажыў асабістую драму: расстанне з дзяўчынай, якую кахаў і ўжо рыхтаваўся да шлюбу. Пасля гэтага юнак адчуваў сябе спустошаным і не ведаў, што яму рабіць далей. Ён прасіў Бога, каб паказаў яму далейшы шлях, і ў гэтай інтэнцыі скіраваўся ў пешую пілігрымку ў Будслаў. Пасля гэтага Ігар адчуў, што Бог яго вядзе, але яму неставала яшчэ аднаго маленькага крока.

Гэтым крокам стаў для яго ўдзел у Днях моладзі ў Браславе.

Ужо ў дзень іх распачацця малады чылавек падчас вечаровай малітвы праслаўлення ўбачыў перад сваім духоўным позіркам канкрэтныя вобразы, якія сталі Божым адказам на яго пытанне. Наступныя два дні прынеслі яму яшчэ больш упэўненасці і жаданне паяднацца з Богам.

Вельмі эмацыйнае сведчанне дала Кацярына з Мінска.

Яна распавяла пра тое, як малітва за ненароджанае дзіцятка дапамагла ёй паглыбіць адносіны з маладым чалавекам, а таксама захавала зачатае жыццё: яе сяброўка нечакана адмовілася рабіць аборт, хоць, здавалася, яе ўжо нішто не стрымае ад гэтага кроку.

Са слязьмі на вачах Кацярына падзялілася, што цяпер гэтая сяброўка — шчаслівая матуля, і яе дачушцы ўжо больш за год.

Яшчэ адно сведчанне даў Станіслаў з Віцебска.

Ён распавёў пра тое, як Бог пакіраваў ягоным жыццём праз выпадковыя, на першы погляд, сітуацыі і сустрэчы, якія ў выніку аказаліся зусім невыпадковымі і дапамаглі маладому чалавеку рэалізаваць свае мары.

Кранутыя і ўмацаваныя пачутымі сведчаннямі, усе прысутныя ў касцёле па запрашэнні арганізатара дзён моладзі ў Браславе ксяндза Алега Хмылко, адказнага за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, прамовілі супольную малітву, пасля чаго арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч удзялілі ўдзельнікам моладзевага форуму пастырскае благаслаўленне.

На выхадзе са святыні юнакі і дзяўчаты атрымалі па тры невялікія падарункі: ад арцыбіскупа Станеўскага — кнігу «Як стаць сведкам Хрыста» ягонага аўтарства, ад біскупа Буткевіча — шакаладку ў адмысловай абгортцы, прысвечанай 25-годдзю Віцебскай дыяцэзіі, а ад ксяндза Алега — налепкі з хрысціянскай сімволікай.

На заканчэнне Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі іх удзельнікі зрабілі супольны здымак перад славутым браслаўскі алтаром-караблём.

І хоць на ім можна ўбачыць не ўсіх, бо некаторым, якія прыбылі за сотні кіламетраў у Браслаў, давялося выехаць раней, юнакі і дзяўчаты спадзяюцца зноў убачцца на новых падобных сустрэчах.

 

Абноўлена 21.07.2024 18:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа