Пошук

20.07.2024 11:40   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

20 ліпеня ў Браславе працягнуліся Чацвёртыя Агульнабеларускія дні моладзі, у якіх бяруць удзел больш за тры сотні юнакоў і дзяўчат з розных мясцін Беларусі.

Другі дзень моладзевага форуму распачаўся малітвай Ютрані ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў.

Перад цудазейным абразом Багародзіцы моладзь са сваімі душпастырамі, а таксама з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім і біскупам Алегам Буткевічам узносіла хвалу Богу на пачатку новага дня, просячы заступніцтва нябеснай Матулі.

Тэксты малітваў Літургіі гадзінаў сабраныя ў святыні прамаўлялі са сваіх смартфонаў.

Пасля сняданка юнакі і дзяўчаты, поўныя энергіі, з задавальненнем паўдзельнічалі ў розных гульнях на адкрытым паветры. Пляцоўку з забавамі для ўдзельнікаў Дзён моладзі на полі перад алтаром-караблём арганізавалі супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Да маладых людзей далучыліся таксама іерархі. Арцыбіскуп Станеўскі паказаў клас у розных гульнях — настольных і рухомых, — а біскуп Буткевіч захапіў відавочцаў уменнем жангліраваць трыма мячыкамі.

«Але ж колькі яблыкаў я папсаваў, каб так навучыцца!» — з усмешкай прызнаўся пастыр Віцебскай дыяцэзіі, якая сёлета святкуе свой першы, 25-гадовы юбілей.

Потым удзельнікі Дзён моладзі зноў сабраліся ў касцёле, дзе для іх прамовіў духоўную канферэнцыю айцец Яўген Голуб OFNConv, малады францішканін з Івянца.

Святар прапанаваў моладзі паразважаць над цэнтральнымі праўдамі хрысціянскай веры, а потым, узяўшы гітару, заспяваў песню на хвалу Богу, якую падхапілі ўсе прысутныя.

Пачутым і перажытым юнакі і дзяўчаты дзяліліся падчас працы ў групах, пасля якой іх чакае дыялог з прысутнымі біскупамі.

Больш фота з Дзён моладзі — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

 

Абноўлена 20.07.2024 18:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.