Пошук

03.07.2024 19:29   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: з асабістага архіву кс. Францішка Рудзя / Catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі ўзяў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

3 ліпеня ў суправаджэнні ксяндза каноніка Францішка Рудзя арцыбіскуп Станеўскі прысутнічаў на парадзе, які праходзіў у Мінску.

Прадстаўнікі Касцёла стаялі поплеч з лідэрамі традыцыйных канфесій і рэлігій: Беларускай Праваслаўнай Царквы, юдэйскай і мусульманскай супольнасцяў, а таксама Упаўнаважаным па справах рэлігій і Нацыянальнасцяў Алякасандрам Румакам.

Свята, якое адзначаецца ў гэты дзень, звязала разам пераемнасць шматвяковых традыцый, ратную і працоўную доблесць, сучасныя дасягненні беларускага народа. Беларусаў натхняюць прыклад гераічных продкаў, шматвяковая гісторыя, багатая культура, традыцыі талерантнасці і рэлігійнага добрасуседства, магчымасць будаваць мірную будучыню. У аснову ўрачыстага мерапрыемства была пакладзена даніна гераізму і стойкасці беларускага народа, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызанаў, самааданаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўздымаў краіну з руін, будаваў заводы, дамы, школы, выпускаў першую прадукцыю на прадпрыемствах.

Напярэдадні свята, 2 ліпеня, арцыбіскуп Станеўскі і ксёндз Рудзь наведалі святочны канцэрт «Шлях да незалежнасці», які праходзіў у палацы Рэспублікі. Канцэртныя прадстаўленні і пастаноўкі расказалі гасцям пра ключавыя моманты станаўлення незалежнасці краіны і асноўныя дасягненні беларусаў на шляху станаўлення дзяржавы. Удзел у мерапрыемстве бралі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, дзеці вайны, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, органаў дзяржаўнага кіравання, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, насельніцтва сталіцы, журналісты і спартсмены. У фае палаца Рэспублікі прадстаўнікі Касцёла пазнаёміліся з экспанатамі выставы «Жыццё пад знакам якасці».

Арцыбіскуп Станеўскі заўважыў:

«Незалежнасць Рэспублікі Беларусь азначае магчымасць для беларусаў, для вернікаў жыць па тых духоўных, маральных законах і традыцыях талерантнасці, якія фармаваліся на працягу шматвяковай гісторыі. Паняцце незалежнасці захоўваецца да таго часу, пакуль народ мае здольнасць, грунтуючыся на павазе да сваіх нацыянальных і духоўных каштоўнасцяў, берагчы і абараняць дзяржаўны лад, законы і звычаі, перадаваць каштоўнасці, якія дасталіся яму, з пакалення ў пакаленне. У сучаснага пакалення ёсць унікальная магчымасць жыць у незалежнай краіне», — сцвердзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 04.07.2024 11:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця