Пошук

24.06.2024 06:16   Тэкст і фота: c. Марцэліна Мігач ISSM / Catholic.by

З 16 па 22 чэрвеня ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для сясцёр з розных кангрэгацый, якія нясуць служэнне ў розных кутках Беларусі.

Гэта быў час духоўнага аднаўлення, арганізаваны ўжо ў чацвёрты раз Радай Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў i таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

У першым туры рэкалекцый узялі ўдзел 16 сясцёр з сямі жаночых манаскіх кангрэгацый, якія нясуць служэнне на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродненскай і Пінскай дыяцэзій.

Канферэнцыі і малітоўныя практыкаванні праводзіў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі MIC.

Сёлетняя тэма рэкалекцый датычылася адметных характарыстык кансэкраванай асобы, якія адлюстроўваюць дух Хрыста. Усе яны маюць сваю крыніцу ў Евангеллі.

Як адзначыў рэкалекцыяніст, у дзеяннях і выбарах людзей, прысвечаных Богу, павінны быць заўважнымі рысы самога Хрыста. Перадусім гэта азначае, што Бог заўсёды павінен быць у іх жыцці на першым месцы.

Акрамя таго, ім належыць клапаціцца пра правільныя суадносіны паміж працай і малітвай, заўсёды быць сабой і ва ўсіх абставінах выконваць сваю ўласную жыццёвую місію. Гэта таксама азначае жыццё без зайздрасці, без асуджэння іншых, з любоўю да ворагаў, ва ўдзячнасці і радасці.

Рэкалекцыі адбываліся ў цішыні — у так званым святым маўчанні. Духоўныя практыкаванні ўключалі канферэнцыі, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літургію гадзінаў, асабістыя медытацыі. Цэнтральным момантам кожнага дня была Эўхарыстыя і малітва перад фігурай Езуса Журботнага ў мясцовым санктуарыі, пры якім дзейнічае рэкалекцыйны дом.

Усім удзельніцам спадарожнічала малітоўная інтэнцыя за мір у свеце, а таксама аб ласках для святога Касцёла і манаскага жыцця ў Беларусі.

Наступны тур рэкалекцый для кансэкраваных асобаў запланаваны ў Росі на перыяд з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця