Пошук

31.05.2024 15:22   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

30 мая Эўхарыстыяй у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя распачалося ў Гродне святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на святой Імшы сабралася вялікая колькасць вернікаў з усіх парафій горада. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, канцэлебравалі яе каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і духавенства гродзенскіх парафій.

Сярод удзельнікаў літургіі былі дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай Камуніі.

На пачатку Імшы біскуп Гродзенскі адзначыў важнасць гэтага дня, калі вернікі праслаўляюць Езуса Хрыста, вучацца любові, утвараюць супольнасць паўсюднага Касцёла.

Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі прапанаваў падумаць у гэтую ўрачыстасць аб тым, якія скарбы пакінуў людзям Езус Хрыстус у каштоўнай спадчыне — Эўхарыстыі. Першым з гэтых скарбаў іерарх назваў Найсвяцейшае Сэрца Езуса — «месца, якое абрала сабе любоў».

«Маючы гэтае Сэрца, мы валодаем крыніцай усякага суцяшэння і супакою, бяздоннай міласэрнасцю і скарбніцай усіх багаццяў Бога», — сказаў біскуп. Па яго словах, Сэрца Езуса не толькі дае ўсё, што можа паслужыць суцяшэнню і дабру людзей, але і злучае ў сабе з любоўю ўсемагутнасць. Іерарх падкрэсліў, як важна спяшацца да Найсвяцейшага Сакрамэнту, да Сэрца Езуса заўсёды, калі чалавек адчувае сябе слабым, змучаным, мае патрэбу ў дапамозе.

Таксама біскуп назваў непараўнальным багаццем, атрыманым у спадчыну ад Пана ў Эўхарыстыі, Ягоныя мукі і смерць.

«У святой Імшы Сэрца Езуса нібы зноў прабіваецца за нас дзідай, як аднойчы гэта здарылася на крыжы. Тут мы ў чарговы раз знаходзім нагоду, каб уславіць вялікія справы Божыя.

Паводле Яго спрадвечнага Провіду, Ён захацеў адкупіць свет не толькі праз жыццё, вучэнне, прыклад і цуды ўцелаўлёнага Богачалавека, але, перш за ўсё, праз Яго мукі і смерць. І як наш Збаўца застаецца ў Эўхарыстыі сярод нас сваім жыццём, словам і вучэннем, так Ён захацеў застацца сярод нас і сваёй смерцю; у сваёй любові захацеў таямніча працягнуць сваю смерць у святых Імшах, каб адкупленне ва ўсіх сваіх наступствах стала даступным людзям усіх часоў», — патлумачыў іерарх.

Такім чынам, дадаў ён, становіцца зразумела, якім таямнічым, поўным ласкі набажэнствам з’яўляецца Імша — «самая вялікая скарбніца ў свеце, невычэрпнае мора Божай ласкі, крыніца ўсялякага зямнога благаслаўлення». Яна «напаўняе нябёсы радасцю і захапленнем, прыносіць суцяшэнне і збаўленне ў чысцец і напаўняе зямлю паўнатой Божых дароў».

Па словах біскупа, веліч і славу Эўхарыстыі «можна ўбачыць на прыкладзе таго дзеяння, якое святая Камунія аказвае на цела і душу чалавека, калі толькі мы годна яе прымаем»: «у ёй наша цела становіцца святыняй самога Бога, а наша сэрца — Божым тронам», цела «знаходзіць насенне неўміручасці, вяртае ператворанае вечнае жыццё», а для душы «падрыхтаваны найлепшы лек, які засцеражэ яе ад смерці граху, вылечыць заганы, дасць ёй смак і сілу да ўсялякага дабра і рост ва ўсіх цнотах».

Самай дзівоснай праявай Эўхарыстыі біскуп назваў тое, «што мы, бедныя стварэнні, у святой Камуніі прымаем удзел у боскім жыцці Езуса Хрыста, мы нібы „абожваемся“».

«Магутны Бог — Валадар сусвету, жывы Бог, прыходзіць на нашыя алтары, каб даць нам сваю моц і ласку, каб мы заўсёды перамагалі зло дабром!» — падкрэсліў біскуп. Ён заклікаў кожнага з удзельнікаў Эўхарыстыі ахвяраваць Езусу, вызнаючы Яго ў постаці хлеба нашым Збавіцелем, сваё жыццё, «бо толькі разам з Ім яно набывае сапраўдную каштоўнасць і сэнс».

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада. Для гэтага загадзя былі падрыхтаваныя чатыры алтары: насупраць катэдральнага, пабрыгіцкага, пабэрнардынскага і францішканскага касцёлаў.

На кожным прыпынку гучалі ўрыўкі з Евангелля. Паколькі ў Гродне жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, Евангелле чыталася на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай і англійскай.

Працэсію ўпрыгожыла і зрабіла больш урачыстай музычнае суправаджэнне дыяцэзіяльнага хору «Cantate Domino» i духавога аркестру.

Напрыканцы святкавання, якое завяршылася на ўзгорку перад францішканскім касцёлам, біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім, хто клапаціўся пра тое, каб яно прайшло годна і бяспечна. Словы падзякі іерарх выказаў таксама мясцовым уладам за дадзеную магчымасць для працэсіі прайсці па вуліцах Гродна.

У працэсіі ўдзельнічалі некалькі тысяч чалавек. Яна стала для іх нагодай запрасіць Езуса заўсёды быць з імі, публічна і без страху пацвердзіць Яго панаванне над іх жыццём, дапамагла ім успомніць, што кожны член Касцёла павінен быць жывой манстранцыяй Хрыста, павінен станавіцца хлебам і віном, каб несці ў свет пасілак сваёй веры.

Абноўлена 31.05.2024 15:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця