Пошук

13.05.2024 16:42   Catholic.by
Фота Жанны Закрэўскай

13 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Фацімскай, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да вернікаў нашай краіны просьбу аб малітве за святароў.

Мае дарагія, перажываючы Марыйны месяц май, мы ўзносім літанійныя заклікі да Марыі, Маці Езуса і нашай Пані, просячы Яе заступацца за нас і называючы Яе Каралевай, Зоркай, Паннай… Аднак найбольш для нас блізкі Яе тытул — Маці. І сапраўды, наша Маці Марыя 13 мая 1917 года ў Фаціме з матчыным клопатам заклікала нас да малітвы і навяртання. 13 мая 1981 года на плошчы святога Пятра ў Рыме Марыя плашчом Матчынай апекі абараніла ад смерці Яна Паўла ІІ, які быў Яе вялікім шанавальнікам і меў глыбокую Марыйную пабожнасць.

Сёння мы ўзгадваем тыя падзеі, у якіх так яскрава праявілася ўмяшальніцтва Маці Божай, паўтараючы: «Марыя, Ты ніколі не пакідаеш тых, хто да Цябе прыходіць і Цябе аб дапамозе просіць».

Таму заахвочваю вас, мае дарагія, да малітвы за святароў, манаскіх асоб, семінарыстаў і тых, хто думае ў гэтым годзе паступаць у семінарыю ці пераступіць парог кляштара. «Маліся за мяне, а я за цябе…»

Мы ведаем і назіраем, як і сёння адбываецца дыялог пакліканых са сваім Настаўнікам Езусам Хрыстом — як некалі Пятра, які не хацеў і слухаць пра цярпенне і муку Збаўцы. Тады Езус казаў: «Хто хоча пайсці за Мною, няхай возьме свой крыж…»

Вядома, што рэклама, якую мы часта сустракаем у штодзённым жыцці, заўсёды гаворыць аб асалодзе, радасці, прыгажосці і вабіць прыемнымі перажываннямі. Мае дарагія, Езус таксама кажа аб асалодзе, толькі напачатку ідзе гаворка пра цяжкасці, якія пераменяцца ў шчаслівае жыццё, але там, у Яго Валадарстве.

Прашу аб малітве за нашых сыноў і дачок, якія вырушылі за Езусам і якія сёння вядуць з Ім дыялог і разважаюць над Яго Евангельскім заклікам: адны каля возера сваіх заняткаў, іншыя на зялёных лугах у таварыстве сяброў дзеляцца хлебам і рыбай, іншыя на каленях пагружаныя ў малітву ажно да самазабыцця, яшчэ іншыя прымяраюцца да месца, падрыхтаванага іншым. Прашу аб малітве за тых, хто параўноўвае свае раны і боль з ранамі Езуса ці, знаходзячыся за кратамі, ціха паўтараюць: «Будзь воля Твая».

Мае дарагія, памятайма і пра тых, хто ўжо адышоў з гэтага свету, молячыся і прыбіраючы магілку майскаю квеценню ўдзячнасці. Асабліва заклікайма тых, хто, як святы Ян Павел ІІ, благаслаўляе нас «з вакна дома Айца» — так благаславі нас святы наш заступнік.

З 13 мая па кастрычнік будзем прасіць Марыю, нашу Маці, аб дапамозе ў справе пакліканняў і вытрымкі ў пакліканні, каб усе мы былі адно.

Дзякуй усім за малітву!

З малітвай,

ваш брат

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 13.05.2024 16:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.