Пошук

17.04.2024 09:23   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Максімільян Пік / Grodnensis.by

13 красавіка ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася святая Імша падзякі Богу з нагоды 33-й гадавіны з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім маліліся прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп намінат Уладзімір Гуляй, іншыя святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі.

На пачатку літургіі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў прысутных выразіць падзяку Пану Богу за дар дыяцэзіі, у якой за гэтыя 33 гады было зроблена шмат.

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх жыхароў Гродзенскай вобласці, што з’яшляецца кананічна акрэсленай тэрыторыяй Гродзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.

Гамілію прамовіў пробашч катэдральнай парафіі ў Гродне ксёндз канонік Ян Кучынскі. Ён узгадаў гісторыю заснавання дыяцэзіі і прызначэння яе першага ардынарыя Аляксандра Кашкевіча, які быў тады пробашчам віленскай парафіі Святога Духа і да цяперашняга часу застаецца пастырам Гродзенскага Касцёла.

Святар адзначыў вялікую адвагу біскупа Кашкевіча, з якой той прыбыў у 1991 годзе ў Гродна, каб узначаліць новаствораную дыяцэзію.

Ксёндз Ян падкрэсліў, што з таго часу ў мясцовым Касцёле шмат было здзейснена, былі створаны розныя душпастырствы, адноўлены святыні, якія ўжо існавалі, і пабудаваны новыя, амаль 200 новых святароў прынялі з рук біскупа Кашкевіча прэзбітэрскае пасвячэнне.

Біскупу выказалі віншаванні ад імя супольнасці Тэалагічнага каледжа святога каралевіча Казіміра ў Гродне намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай частцы ксёндз Андрэй Шчупал CSsR і навучэнцы. Тыя, хто вучыцца ў каледжы і ў будучыні возьме ўдзел у катэхізацыі на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, падзякавалі іерарху за тое, што ён з моманту заснавання дыяцэзіі і да сёння з’яўляецца яе «вартаўніком», і пажадалі трывала і ў паўнаце сіл працягваць весці ўсіх да святасці.

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп падзякаваў духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам за тое, што яны разам ідуць адным шляхам, які ўказвае Хрыстус.

Іерарх пажадаў, каб Касцёл на Гродзеншчыне мог і далей развівацца і каб у ім ніколі не было недахопу ў адданых святарах, руплівых законных сёстрах і пабожных свецкіх верніках.

 

Абноўлена 17.04.2024 09:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця