Пошук

19.03.2024 23:48   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

19 сакавіка, калі ў паўсюдным Касцёле адзначаецца ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, свае імяніны святкаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

З гэтай нагоды іерарх узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску. У ёй узялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які прыбыў, каб асабіста павіншаваць імянінніка ад імя Папы Францішка, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, каля двух дзясяткаў святароў лацінскага і візантыйскага абрадаў, манаскія асобы.

Да сабраных на ўрачыстай святой Імшы ў галоўнай святыні сталіцы вернікаў дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by духоўна далучыліся больш за чатыры сотні гледачоў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы.

Напачатку ўсіх удзельнікаў цэлебрацыі прывітаў біскуп Касабуцкі, які звярнуў увагу на асобу святога Юзафа, якому Бог даручыў надзвычай важную місію — быць Апекуном Святой Сям’і.

Іерарх дадаў, што арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму Бог даручыў клопат пра частку сям’і Божага народа, якая называецца Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, і заахвоціў прысутных праз заступніцтва святога Юзафа памаліцца за арцыпастыра ў дзень ягоных імянінаў.

Сам імяніннік ва ўступным слове да Літургіі адзначыў, што святы Юзаф з’яўляецца апекуном не толькі тых, хто носіць гэтае імя, але ўсяго паўсюднага Касцёла. Іерарх заўважыў, што, распачынаючы сваё служэнне на Мінска-Магілёўскай катэдры, ён узгадваў словы іншага Юзафа — сына патрыярха Якуба са Старога Запавету: «Гэта я, Юзаф, ваш брат».

Арцыбіскуп Станеўскі дадаў, што святы Юзаф, абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі, яднае Стары і Новы Запаветы, і да яго адносяцца словы Святога Пісання: «Вось слуга верны і разумны, якога Пан паставіў над сваёй сям’ёй». Іерарх нагадаў словы Папы Францішка з прысвечанага святому Юзафу Апостальскага ліста Patris corde, у якім пастыр паўсюднага Касцёла заклікае ўсіх мужчын быць адважнымі і смелымі.

«Молімся сёння асаблівым чынам за нашых мужчын, каб яны мелі адвагу ўзрастаць, каб яны мелі адвагу засноўваць сем’і, каб мелі адвагу ісці праз гэтае жыццё, выконваючы волю Божую, і каб святы Юзаф, наш Апякун, усім нам выпрасіў патрэбныя ласкі», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі, заахвоціўшы да малітвы таксама за Папу Францішка ў 11-ю гадавіну з часу афіцыйнай інаўгурацыі яго пантыфікату.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў біскуп Яшэўскі. Іерарх з Магілёва перадусім звярнуў увагу на ціхасць святога Юзафа, які дзякуючы менавіта сваёй пакоры быў вялікім у вачах Бога, хоць не пакінуў пасля сябе нейкіх значных па чалавечых мерках дасягненняў.

«Ціхасць — у гэтым веліч святога Юзафа. Яна зрабіла так, што, пасля Найсвяцейшай Маці, ён найвялікшы ў святым Касцёле. Дзякуючы ціхасці і праз яе Бог выбраў яго ахоўнікам найбольшых скарбаў, якімі калі-небудзь валодала і будзе валодаць зямля: Езуса і Марыі.

Ніводзін іншы чалавек у вачах Бога не быў варты стаць Апекуном Божага Сына і Яго Маці, Дзевы Марыі: толькі ён, святы Юзаф, заслужыў поўны давер Бога», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што жыццёвы шлях святога Юзафа можа стаць для вернікаў узорам для дасягнення сапраўднай велічы і непрамінальнага шчасця.

На заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі скіраваў арцыбіскупу Станеўскаму словы віншавання з імянінамі, пажадаўшы яму здароўя, доўгіх гадоў жыцця, сілы і натхнення Духа Святога ў пастырскім служэнні.

Пасля Камуніі да сабраных у мінскай архікатэдры звярнуўся нунцый Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне павіншаваў імянінніка і пажадаў яму «ў малітве праз заступніцтва святога Юзаф няспыннага і шчодрага натхнення Святога Духа на шляху да святасці».

«На гэтай дарозе няхай вам спадарожнічае Божае благаслаўленне і братэрская дапамога супольнасці Касцёла. Малюся разам з вамі тут, у гэтай катэдры, і прашу Пана Езуса Хрыста, каб напаўняў вас сваім духам мужнасці і міласэрнасці і ўмацоўваў вас у служэнні Касцёлу на гэтай зямлі і там, куды Ён вас пасылае», — сказаў нунцый Ёзіч, пасля чаго перадаў віншавальны адрас імянінніку.

Віншаванні з імянінамі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму ад імя грэка-католікаў Беларусі выказаў архімандрыт Гаек, пасля чаго арцыпастыра павіншавалі таксама прадстаўнікі духавенства і манаскіх асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, супрацоўнікі каталіцкай прэсы і выдавецтва Pro Christo. Імяніннік падзякаваў усім за супольную малітву і віншаванні, пасля чаго прысутныя іерархі ўдзялілі сабраным пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 19.03.2024 23:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.