4 сакавіка, у свята апекуна Гродзенскай дыяцэзіі святога Казіміра, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, перад Імшой канонікі Гродзенскага катэдральнага капітула, апекуном якога таксама з’яўляецца святы Казімір, сабраліся на супольнай малітве Літургіі гадзінаў у галоўнай святыні дыяцэзіі.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Звяртаючыся да прысутных, іерарх нагадаў, што асоба святога каралевіча звязана з горадам над Нёманам, дзе Казімір адышоў у вечнасць 4 сакавіка 1484 года ў каралеўскім замку ва ўзросце 26-і гадоў.
Катэдра была напоўнена вернікамі, якія прыйшлі ўшанаваць свайго апекуна і праз яго заступніцтва звярнуцца з просьбамі да Бога.
У прамоўленай гаміліі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, засяродзіў увагу на асобе святога Казіміра. Святар адзначыў, што каралевіч, які жыў у XV стагоддзі, рысамі свайго характару, а асабліва любоўю да Бога і чалавека, не перастае захапляць і сённяшніх людзей і з’яўляецца святым таксама нашага часу: яго асоба не загінула ў змроку гісторыі.
Ксёндз Уладзімір дадаў, што святога Казіміра Бог адарыў шматлікімі здольнасцямі і талентамі, і прытым ён быў незвычайна чулым да іншых людзей, асабліва да тых, каму была найбольш патрэбная дапамога.
Святар падкрэсліў, што на ўзор каралевіча Казіміра сучасныя людзі павінны шукаць шляхі да Бога і чалавека, пераадольваць у саміх сябе і навокал розныя формы абыякавасці і душэўнай акамянеласці.
Па словах Біскупскага вікарыя з Ліды, час Вялікага посту «павінен дапамагаць кожнаму чалавеку перамагаць абыякавасць, якая з’яўляецца рэальнай спакусай для веруючых, для хрысціянаў, католікаў, якія жывуць на гэтай цудоўнай зямлі і пад адным небам». Святар адзначыў, што ў пераадоленні гэтай абыякавасці дапаможа малітва, якой нельга пагарджаць, што важна памятаць пра ўчынкі міласэрнасці да бліжняга, якія «няхай будуць сапраўды канкрэтнымі, хоць і малымі», і пра тое, што «кожны бліжні, якому патрэбная дапамога, нагадвае мне пра слабасць майго жыцця, залежнасць ад Бога і братоў».
Памяць пра каралевіча Казіміра, які здаўна ўшаноўваецца на гродзенскай зямлі і якога лёс назаўжды злучыў з горадам над Нёманам, абавязвае, як заўважыў святар, з адвагай і велікадушнасцю любіць Бога і іншага чалавека.
Ксёндз Уладзімір Гуляй выказаў пажаданне, каб «нашыя парафіі і супольнасці сталі астравамі міласэрнасці ў моры абыякавасці».
Эўхарыстыя ў катэдры стала для ўдзельнікаў магчымасцю падзякаваць Богу за дар святога Казіміра, праз яго заступніцтва даручыць Пану сябе, сваіх блізкіх, сённяшнюю моладзь, апекуном якой з’яўляецца святы каралевіч, усіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, усе цяжкія справы нашай краіны і тых, хто выконвае ў ёй грамадска-адміністрацыйныя функцыі, каб яны рабілі гэта з поўнай адказнасцю і ў духу служэння ўсім жыхарам нашай Бацькаўшчыны.