Антон Згірскі, сямікласнік з вёскі Гірстуны (Віцебская дыяцэзія), лектар у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, атрымаў адказ на свой ліст, які у снежні даслаў у Ватыкан.
Як паведамляецца на партале Catholicnews.by, напрыканцы мінулага года Антон Згірскі напісаў Папе Францішку ліст. У ім юнак распавёў пра сваё жыццё і пра тое, што з’яўляецца міністрантам. Ён павіншаваў Святога Айца са святам Божага Нараджэння і пажадаў святасці і добрай службы пры Алтары Пана. На пачатку лютага Антон атрымаў адказ з Ватыкана.
«Вяртаючыся са школы, убачыў у паштовай скрыні ліст. Забраў пошту, адразу нават і не зразумеў, але потым дома як убачыў зваротны адрас, то аж рукі затрэсліся»,
— перадаў свае пачуцці юнак.
Сваёй радасцю міністрант падзяліўся з сябрамі ў касцельным акружэнні, а таксама з ксяндзом канонікам Віктарам Місевічам і паказаў падарункі — паштоўку з Божым Нараджэннем з подпісам Папы і ліст.
На пытанне, як такая ідэя прыйшла табе, каб пісаць лісты іерархам, Антон адказаў, што проста захацеў павіншаваць са святам.
Распачалося ўсё з перапіскі з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.
«У мінулым годзе віншаваў арцыбіскупа Юзафа з Вялікаднем і Божым Нараджэннем і атрымліваў адказы».
Сёлета міністранту прыйшоў адказ і ад Святога Айца.