Пошук

26.12.2023 12:37   Фота: з асабістага архіву арцыбіскупа Т. Кандрусевіча / Catholic.by

Увечары 24 снежня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу Пастэрку ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне, а на світанні 25 снежня ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў сваім родным Адэльску (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад).

Вігілійнае набажэнства ў найстарэйшым касцёле горада над Нёманам распачалося з Абвяшчэння Нараджэння Пана, якое праспяваў асабісты сакратар заслужанага іерарха ксёндз Павел Эйсмант. Потым арцыбіскуп Кандрусевіч урачыста перанёс фігурку Немаўляткі Езуса ў яслі, размешчаныя ў адным з бакавых алтароў старадаўняй святыні.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на евангельскай праўдзе прыйсця ў свет Збаўцы ў вобразе чалавека, без чаго чалавецтва засталося б у грахоўным рабстве.

Ён зазначыў, што дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення Бог аднавіў у чалавеку свой вобраз і падабенства, паводле якіх той быў створаны, і вярнуў чалавечую прыроду ў яе першапачатковы стан, які яна мела перад першародным грахом.

«Нараджэнне Хрыста таксама абвясціла радасць абяцанага Богам вечнага жыцця. Гэтай радасцю трэба жыць і дзяліцца з іншымі, бо інакш толькі сам успамін мінулага стане пустымі словамі. Езус не з’яўляецца рэліктам мінулага, але Богам сучаснасці, які ідзе побач з намі, нам дапамагае і дае надзею, што асабліва важна ў наш час небяспечных выклікаў.

Гэтая надзея заключаецца ў тым, што Езус змяняе сэрцы людзей з мэтай будаваць, заснаваную на сацыяльнай справядлівасці і ўзаемнай любові, новую будучыню. Таму мы не можам паддавацца ідэалогіям, якія, выконваючы функцыі часовага і свецкага замяшчальніка рэлігіі, абяцаюць „рай на зямлі“, прапагандуюць амаральныя спосабы паводзінаў, вядуць да крызісу сям’і і Божага дару жыцця», — падкрэсліў арцыбіскуп. Ён заклікаў вернікаў не паддавацца спакусам і будаваць жыццё на евангельскіх каштоўнасцях.

«Да гэтага нас заклікае свята Божага Нараджэння. Як Уцелаўленне Сына Божага змяніла свет, таксама і свята Нараджэння Хрыстова павінна змяніць нашыя сэрцы праз нараджэнне ў іх Езуса Ягонай ласкай. Мы таксама павінны стаць сведкамі і вестунамі праўды Богаўцелаўлення, бо свет патрабуе Хрыста і Яго вучэння», — сцвердзіў іерарх.

Напрыканцы Імшы ён пажадаў прысутным у святыні радасных, поўных Хрыстовага супакою і Ягонай ласкі святаў Божага Нараджэння і шчаслівага, мірнага Новага года, сімвалічна падзяліўшыся з імі аплаткай.

 

На світанні наступнага дня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў ужо ў сваёй роднай парафіі ў Адэльску, дзе ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю ў касцёле Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў, што Немаўлятка, якое з’явілася на свет у бэтлеемскіх яслях, — гэта і ёсць доўгачаканы Месія, Збаўца свету.

«Падобна таму, як пастушкі абвяшчалі нараджэнне Збаўцы, таксама і мы павінны рабіць тое самае ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе. Для гэтага мы павінны падрыхтаваць у нашых сэрцах месца Езусу і не паддавацца ўплывам секулярнага свету, у тым ліку тэндэнцыі самадастаковасці і маральнай усёдазволенасці, што вядзе да крызісу чалавечых і духоўных каштоўнасцяў і зачыняе дзверы нашых сэрцаў перад Богам. Нездарма Папа Францішак кажа, што там, дзе зашмат эгаізму, замала Бога. Нам неабходна адкрыць дзверы для Хрыста замест таго, каб пакланяцца самім сабе. Нельга рабіць з Божага Нараджэння свята без Хрыста», — асцярог арцыпастыр.

«Мы павінны выйсці са свята Божага Нараджэння новымі, духоўна адроджанымі і умацаванымі праўдай Богаўцелаўлення, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові», — сцвердзіў на заканчэнне гаміліі іерарх.

Пасля Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў землякоў з Божым Нараджэннем, пажадаўшы ім радасных калядных святаў і шчаслівага Новага года, а таксама падзяліўся з імі традыцыйнай аплаткай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця