Пошук

20.11.2023 09:38   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася святая Імша, цэлебрыцыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у 1991 годзе, з моманту заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, Маці Божая Вастрабрамская была абрана яе галоўнай Апякункай.

Ва ўрачыстасць у катэдральнай святыні разам з мясцовымі парафіянамі маліліся шматлікія вернікі горада, а таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У гаміліі біскуп Кашкевіч засяродзіў увагу на Маці Божай Міласэрнай, якая першай з людзей спазнала ўсемагутнасць і бязмернасць Божай Міласэрнасці.

Па словах іерарха, гэтая ўрачыстасць — нагода падзякаваць Пану Богу за тое, што Ён у сваім Провідзе даў людзям Найсвяцейшую Панну Марыю як Маці і Заступніцу, чыя славутая ласкамі выява ў Вострай Браме ўжо больш за трыста гадоў прыцягвае незлічоную колькасць пілігрымаў.

«‎Трэба памятаць, што Марыя прыходзіць да нас са сваёй матчынай дапамогай не толькі ў санктуарыях. Каб сустрэцца з Ёй на малітве, мы не мусім нікуды пілігрымаваць», 

— падкрэсліў біскуп, дадаўшы, што «‎Яна з намі тут і цяпер, у кожны момант нашага жыцця»‎.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што Панна Марыя як сапраўдная Маці радуецца, калі да Яе прыходзяць, і ніколі не адмаўляе ў сваёй дапамозе.

Біскуп Ккашкевіч заахвоціў удзельнікаў Літургіі прасіць у Маці Божай Вастрабрамскай, каб Яна вымаліла для іх ласку моцнай веры і любові да Хрыста.

Падчас Эўхарыстыі ўсе прысутныя асаблівым чынам маліліся за тых, хто ўтварае сям’ю Гродзенскай дыяцэзіі, — за духавенства і вернікаў.

 

Абноўлена 20.11.2023 10:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа