Пошук

03.11.2023 12:21   Тэкст: Ганна Бычынская / Фота: Ганна Бычынская, Валянціна Ляхоўская / Catholic.by

1 лістапада ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбыўся Баль Усіх Святых для дзяцей.

Ва ўрачысты дзень пробашч парафіі ксёндз канонік Ігар Лашук і «каралевіч Казімір» з радасцю сустракалі «анёлаў» і «святых» у касцёле. Пасля малітвы ксёндз Ігар благаславіў усіх і запрасіў на свята.

Баль распачаўся паланезам, які, напэўна, танцаваў калісьці і сапраўдны каралевіч Казімір, апякун стаўбцоўскай парафіі. Гоман, танцы, шчаслівыя ўсмешкі, вясёлыя гульні. Больш за пяцьдзясят хлопчыкаў і дзяўчынак з увагай і цікавасцю слухалі аповед парафіяльнай катэхеткі сястры Наталлі пра жыхароў неба — святых.

«Слухайцеся бацькоў, добра вучыцеся, любіце адзін аднаго, і наблізіцеся да Хрыста, і пойдзеце шляхам святасці», — такі заклік з вуснаў сястры Наталлі не раз гучаў падчас балю Усіх Святых. Удзельнікі танчылі разам з каралевічам Казімірам і святой Кацярынай, дзяліліся на каманды для гульні ў мяч. Нават дарослым было цікава і весела.

Баль суправаджаўся пачастункам пры шчодра накрытым салодкім стале. Прысмакі для яго рыхтавалі і бацькі, і валанцёры парафіяльнай суполкі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, якая ўжо год дзейнічае ў Стоўбцах і ўзяла на сябе клопат па ўпрыгожанні залы і забеспячэнні пачастункаў для дзяцей. Кампот, сокі, выпечка, розныя слодычы: дзеці ахвотна стараліся ўсё пакаштаваць.

Не абышлося і без конкурсу касцюмаў.

Каралевіч Казімір і святая Кацярына прызналі самымі прыгожымі касцюмы Панны Марыі, святога Майсея і анёла.

Усе тры ўдзельнікі за сваё ўбранне атрымалі ўзнагароды — прыгожыя карціны з выявай роднага парафіяльнага касцёла, якія стварыла мясцовая валанцёрка Святлана Канашэнка. Валанцёры паклапаціліся і пра тое, каб ніхто з удзельнікаў не застаўся пакрыўджаным: усе дзеці атрымалі па шакаладцы.

На заканчэнне было зроблена сумеснае фота з «каралеўскай асобай» — апекуном парафіі святым Казімірам, які сваёй дабрачыннасцю заслужыў павагу сярод людзей і дасягнуў святасці.

Арганізатарам парафіяльнага мерапрыемства для дзяцей хочацца верыць, што юныя ўдзельнікі балю зразумелі, што кожны можа быць святым: трэба толькі любіць Бога і бліжняга.

Абноўлена 03.11.2023 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця